- 1. Таго дня засьпявалі Дэвора і Варак, сын Авінаамаў, такімі словамі:
- 2. Ізраіль адпомшчаны, народ паказаў руплівасьць, праслаўце Госпада!
- 3. Слухайце, цары, уважайце, вяльможы: я Госпаду сьпяваю, я граю, Богу Ізраілеваму.
- 4. Калі Ты выходзіў, Госпадзе, ад Сэіра, калі ішоў з поля Эдомскага, затрэслася зямля, закапала неба, вадою закапалі хмары;
- 5. раставалі горы ад аблічча Госпада, нават гэты Сінай ад аблічча Госпада, Бога Ізраілевага.
- 6. У дні Самэгара, сына Анатавага, у дні Яілі, былі пустыя дарогі, хто раней хадзіў шляхамі простымі, хадзіў тады кружнымі дарогамі.
- 7. Не засталося насельнікаў у селішчах у Ізраіля, ня стала, пакуль не паўстала я, Дэвора, пакуль не паўстала я, маці ў Ізраілі.
- 8. Выбралі новых багоў, таму і вайна каля брамы. Ці відны былі шчыт і дзіда ў сарака тысяч Ізраіля?
- 9. Сэрца маё - вам, правадыры Ізраіля, рупліўцам народным; праслаўце Госпада!
- 10. Хто езьдзіць на белых асьліцах, хто сядзіць на дыванах і хто ходзіць па дарозе, сьпявайце песьню!
- 11. Сярод галасоў, што зьбіраюць статкі каля калодзежаў, там хай засьпяваюць хвалу правадырам Ізраіля! Тады выступіў да брамы народ Гасподні.
- 12. Паўстань, паўстань, Дэвора, паўстань, паўстань! засьпявай песьню! Паўстань, Варак! і вядзі палонных тваіх, сыне Авінаамаў!
- 13. Тады нямногім з моцных падначаліў Ён народ; Гасподзь падначаліў мне адважных.
- 14. Ад Яфрэма прыйшлі тыя, што ўкараніліся ў зямлі Амаліка; за табою Веньямін, сярод народа твайго; ад Махіра ішлі правадыры, і ад Завулона тыя, што валодалі трысьцінай пісцовай.
- 15. І князі Ісахаравыя з Дэвораю, і Ісахар гэтак сама, як Варак, кінуўся ў даліну пешы. У родах Рувімавых вялікая нясуладзіца.
- 16. Чаго сядзіш ты паміж кашарамі, слухаючы бляяньне авечак? У плямёнах Рувімавых вялікая нясуладзіца.
- 17. Галаад жыве спакойна за Ярданам; Дану чаго баяцца з караблямі? Асір сядзіць на беразе мора і каля прыстаняў сваіх жыве спакойна.
- 18. Завулон - гэта люд, які душу сваю асудзіў на сьмерць, і Нэфталім на вышынях поля.
- 19. Прыйшлі цары, паваяваліся, тады паваяваліся цары Ханаанскія ў Танааху і каля водаў Магідонскіх, але не атрымалі ніякага срэбра.
- 20. Зь неба ваявалі зоркі, са шляхоў сваіх ваявалі зь Сісарам.
- 21. Паток Кісон падхапіў іх, паток Кедумін, паток Кісон. Тапчы, душа мая, сілу!
- 22. Тады ламаліся капыты конскія ад уцёкаў, ад уцёкаў борздых ягоных.
- 23. Праклянеце Мэроз, кажа анёл Гасподні, праклянеце жыхароў яго за тое, што ня прыйшлі на дапамогу Госпаду, на дапамогу Госпаду з адважнымі.
- 24. Хай будзе дабраславёная сярод жанчын Яіль, жонка Хэвэра Кенэяніна, сярод жанчын у намётах хай будзе дабраславёная!
- 25. Вады папрасіў ён: малака прынесла яна, у чары вяльможніцкай падала малака выдатнага.
- 26. Руку левую працягнула яна да кала, а сваю правую да малатка работніцкага; ударыла Сісару, прабіла галаву ягоную, разьбіла і пранізала скроню яму.
- 27. І схіліўся да ног яе, упаў і ляжаў, да ног яе схіліўся, упаў: дзе схіліўся, там і ўпаў забіты.
- 28. У вакно выглядае й галосіць маці Сісаравая праз рашотку: чаму доўга ня йдзе яго коньніца, чаго замарудзілі колы яго калясьніц?
- 29. Рассудлівыя зь яе каляжанак ёй адказалі, і сама яна адказвае на пытаньні свае:
- 30. знайшлі яны, мабыць, і дзеляць здабычу, па дзяўчыне, па дзьве дзяўчыны на кожнага воіна, лупам дасталася каляровая вопратка Сісару, тканіна дасталася ў луп каляровая, вышываная паабапал, у палоннага з плячэй зьнятая.
- 31. Так няхай прападуць усе ворагі Твае, Госпадзе! а хто любіць Яго, няхай будзе, як сонца, што ўзыходзіць у поўнай моцы сваёй! - І сьцішылася зямля на сорак гадоў.
Ничего нет для сопоставления.