- 1. Калі цар жыў у доме сваім, і Гасподзь асланіў яго ад усіх навакольных ворагаў ягоных,
- 2. тады сказаў цар прароку Натану: вось, я жыву ў доме кедровым, а каўчэг Божы пад намётам.
- 3. І казаў Натан цару: усё, што ў цябе на сэрцы, ідзі, рабі, бо Гасподзь з табою.
- 4. Але тае самае ночы было слова Госпада Натану:
- 5. ідзі, скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь: ці ты пабудуеш Мне дом для Майго пражываньня,
- 6. калі Я ня жыў у доме з таго часу, як вывеў сыноў Ізраілевых зь Егіпта, і да сёньня, а пераходзіў у намёце і ў скініі?
- 7. Дзе Я ні хадзіў з усімі сынамі Ізраіля, ці казаў Я хоць слова каму-небудзь з плямёнаў, якому Я назначыў пасьвіць народ Мой Ізраіля: чаму ня збудуеце Мне кедровага дома?
- 8. І цяпер так скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь Саваоф: Я ўзяў цябе ад статку авечак, каб ты быў правадыром народу Майго Ізраіля;
- 9. і быў з табою ўсюды, куды ні хадзіў ты, і зьнішчыў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў імя тваё вялікім, як імя вялікіх на зямлі.
- 10. І Я зладжу месца народу Майму, Ізраілю, і ўкараню яго, і будзе ён спакойна жыць на месцы сваім і ня будзе трывожыцца болей, і людзі грэшныя ня будуць болей уціскаць яго, як раней,
- 11. з таго часу, як Я паставіў судзьдзяў над народам Маім Ізраілем; і Я асланю цябе ад усіх ворагаў тваіх. І Гасподзь абвяшчае табе, што Ён зладзіць табе дом.
- 12. Калі ж закончацца дні твае, і ты спачнеш з бацькамі тваімі, дык Я пастаўлю пасьля цябе семя тваё, якое пойдзе са сьцёгнаў тваіх, і ўмацую царства ягонае.
- 13. Ён збудуе дом імю Майму, і Я ўмацую трон царства яго навек.
- 14. Я буду яму бацькам, і ён будзе Мне сынам; і калі ён згрэшыць, Я пакараю яго жазлом мужоў і ўдарамі сыноў чалавечых;
- 15. але ласкі Маёй не адбяру ў яго, як Я адабраў у Саўла, якога Я адкінуў перад абліччам тваім.
- 16. І будзе непахісны дом твой і царства тваё навек прад абліччам Маім, і трон твой стаяцьме вечна.
- 17. Усе гэтыя словы і ўсю гэтую ўяву Натан пераказаў Давіду.
- 18. І пайшоў цар Давід, і стаў прад абліччам Госпада, і сказаў: хто я, Госпадзе, Госпадзе, і што такое дом мой, што Ты мяне так узьвялічыў!
- 19. І гэтага яшчэ мала здалося ў вачах Тваіх, Госпадзе мой, Госпадзе; а Ты абвясьціў яшчэ пра дом раба Твайго наперад. Гэта ўжо па-чалавечы, Госпадзе мой, Госпадзе!
- 20. Што яшчэ можа сказаць Табе Давід? Ты ведаеш раба Твайго, Госпадзе мой, Госпадзе!
- 21. Дзеля слова Твайго і па сэрцы Тваім Ты робіш гэта, адкрываючы ўсё гэта рабу Твайму.
- 22. Па ўсім вялікі Ты, Госпадзе мой, Госпадзе! бо няма падобнага на Цябе і няма Бога, апрача Цябе, па ўсім, што чулі мы на свае вушы.
- 23. І хто падобны на народ Твой Ізраіля, адзіны народ на зямлі, дзеля якога прыходзіў Бог, каб здабыць яго Сабе за народ і праславіць Сваё імя і зьдзейсьніць вялікае і страшнае перад народам Тваім, які Ты здабыў Сабе ў Егіпцян, прагнаўшы народы і божышчаў іхніх?
- 24. І Ты замацаваў за Сабою народ Твой Ізраіля, як уласны народ, навечна, і Ты, Госпадзе, зрабіўся ягоным Богам.
- 25. І сёньня, Госпадзе Божа, умацуй навечна слова, якое вымавіў Ты пра раба Твайго і пра дом Ягоны, і выканай тое, што Ты вымавіў.
- 26. І хай узьвялічыцца імя Тваё навекі, каб казалі: Гасподзь Саваоф - Бог над Ізраілем. І дом раба Твайго Давіда хай будзе цьвёрды прад абліччам Тваім.
- 27. Бо Ты, Госпадзе Саваоф, Божа Ізраілеў, адкрыў рабу Твайму, кажучы: "зладжу табе дом", дык раб Твой падрыхтаваў сэрца сваё, каб маліцца Табе такою малітваю.
- 28. Дык вось, Госпадзе мой, Госпадзе! Ты Бог, і словы Твае неадпрэчныя, і Ты абвясьціў рабу Твайму такое дабро!
- 29. І сёньня пачні і дабраславі дом раба Твайго, каб ён быў вечна прад абліччам Тваім, бо Ты, Госпадзе мой, Госпадзе, абвясьціў гэта, і дабраславеньнем Тваім зробіцца дом раба Твайго дабраславёным навечна.
Ничего нет для сопоставления.