- 1. І пачаў Саламон будаваць дом Гасподні ў Ерусаліме на гары Морыя, якая ўказана была Давіду, бацьку ягонаму, на месцы, якое падрыхтваў Давід, на гумне Орны Евусэяніна.
- 2. А пачаў ён будаваць у другі дзень другога месяца, на чацьвёртым годзе валадараньня свайго.
- 3. І вось падмурак пакладзены Саламонам пры будове дома Божага; даўжыня яго шэсьцьдзясят локцяў, па ранейшай меры, а шырыня дваццаць локцяў;
- 4. і бабінец, які перад домам, даўжынёю па шырыні дома ў дваццаць локцяў, а вышынёю ў сто дваццаць. І абклаў яго ўсярэдзіне чыстым золатам.
- 5. А дом галоўны ашаляваў дрэвам кіпарысавым і абклаў яго найлепшым золатам, і вырабіў на ім пальмы і ланцужкі.
- 6. І абклаў дом іншымі камянямі дзеля прыгажосьці; а золата было золата Парваімскае.
- 7. І пакрыў дом, бярвеньні, парогі і сьцены яго і дзьверы яго золатам, і выразаў на сьценах херувімаў.
- 8. І зрабіў Сьвятое Сьвятых: даўжыня яго па шырыні дома ў дваццаць локцяў, і шырыня яго ў дваццаць локцяў; і накрыў яго найлепшым золатам на шасьцьсот талантаў.
- 9. У цьвіках вагі па пяцьдзясят сікляў золата. Сьвятліцы таксама пакрыў золатам.
- 10. І зрабіў ён у Сьвятым Сьвятых два херувімы разьбёнага вырабу і пакрыў іх золатам.
- 11. Крылы ў херувімаў даўжынёю былі ў дваццаць локцяў. Адно крыло ў дваццаць локцяў дакраналася да сьцяны дома, а другое крыло таксама ў пяць локцяў сыходзілася з крылом другога херувіма;
- 12. і крыло другога херувіма ў пяць локцяў дакраналася да сьцяны дома, а другое крыло ў пяць локцяў сыходзілася з крылом другога херувіма.
- 13. Крылы ў гэтых херувімаў распасьцёрты на дваццаць локцяў; і яны стаялі на нагах сваіх, абліччамі сваімі да храма.
- 14. І зрабіў заслону зь яхантавай, пурпуровай і барвовай тканіны і зь вісону і выявіў на ёй херувімаў.
- 15. І зрабіў перад храмам два слупы, даўжынёю па трыццаць пяць локцяў, і капітэль наверсе кожнага ў пяць локцяў.
- 16. І зрабіў ланцужкі, як у сьвятыні, і паклаў наверсе слупоў, і зрабіў сто гранатавых яблыкаў і паклаў на ланцужкі.
- 17. І паставіў слупы перад храмам, адзін з правага боку, другі зь левага, і даў імя праваму Яхін, а леваму імя Воаз.
Ничего нет для сопоставления.