- 1. І паўстане ў той час Міхаіл, вялікі князь, які будзе стаяць за сыноў свайго народу; і настане цяжкі час, якога ня бывала з тых часоў, як існуюць людзі, да гэтага часу; і ўратуюцца ў гэты час з народу твайго ўсе, якія знойдзены будуць запісанымі ў кнізе.
- 2. І многія, якія сьпяць у пыле зямлі, прачнуцца, адны на жыцьцё вечнае, другія на вечнае паганьбеньне і пасарамленьне.
- 3. І разумныя будуць зьзяць, як сьвяцілы на цьвердзі, і тыя, што павярнулі людзей да праўды, - як зоркі, вавекі, назаўсёды.
- 4. А ты, Данііле, захавай гэтыя словы і запячатай гэтую кнігу да апошняга часу; многія прачытаюць яе, і памножацца веды".
- 5. Тады я, Данііл, паглядзеў, і вось, стаяць два другія, адзін па гэты бок ракі, другі па той бок ракі.
- 6. І адзін сказаў мужу ў ільняной вопратцы, які стаяў над водамі ракі: "калі будзе канец гэтых дзівосных здарэньняў?"
- 7. І пачуў я, як муж у льняной вопратцы, які быў над водамі ракі, падняўшы правую і левую руку да неба, прысягнуў Жывым вавекі, што да канца часу і часоў і паўчасу і пасьля поўнага паламаньня сілы сьвятога народу ўсё гэта зьдзейсьніцца.
- 8. Я чуў гэта, але не зразумеў і таму сказаў: "гаспадару мой! Што ж пасьля гэтага будзе?"
- 9. І адказаў ён: "ідзі, Данііле; бо захаваны і запячатаны словы гэтыя да апошняга часу.
- 10. Многія ачысьцяцца, адбеляцца і ператоплены будуць у спакушэньні; несправядлівыя будуць несправядлівымі, і не зразумее гэтага ніхто з несправядлівых, а мудрыя зразумеюць.
- 11. З часу, калі будзе прыпынена штодзённая ахвяра і будзе пастаўлена гідота запусьценьня, пройдзе тысяча дзьвесьце дзевяноста дзён.
- 12. Шчасны той, хто чакае і дасягне тысячы трохсот трыццаці пяці дзён.
- 13. А ты ідзі да твайго канца, і супакоішся і паўстанеш на атрыманьне тваёй долі ў канцы дзён".
Ничего нет для сопоставления.