- 1. Гора бястурботным на Сіёне і спадзявальцам на гару Самарыйскую, знакамітым народу-першынца, да якіх прыходзіў дом Ізраіля!
- 2. Прайдзеце ў Калне і паглядзеце, адтуль перайдзеце ў Эмат вялікі і спусьцецеся ў Гэт Філістымкі: ці ня лепшыя яны за гэтыя царствы? ці ня шырэйшыя іх абшары за абшары вашыя?
- 3. Вы, якія дзень бедства лічыце далёкім і набліжаеце перамогу насільля, -
- 4. вы, якія ляжыце на ложках з слановай касьці і песьціцеся на пасьцелях вашых, ясьце найлепшых бараноў са статку і цялят з кормнае пашы,
- 5. сьпяваеце пад гукі гусьляў, думаючы, што валодаеце зычным інструментам, як Давід.
- 6. п'яце з чараў віно, мажацеся найлепшымі масьцямі і ня ўбольваецеся зь бедства Язэпа!
- 7. За тое сёньня пойдуць яны ў палон на чале палонных, і скончыцца вялікая радасьць сьпешчаных.
- 8. Божыцца Гасподзь Бог Самім Сабою, і так кажа Гасподзь Бог Саваоф: грэбую пыхлівасьцю Якава і ненавіджу харомы ягоныя, і аддам горад і ўсё, што напаўняе яго.
- 9. І будзе: калі ў якім доме застанецца дзесяць чалавек, дык памруць і яны,
- 10. і возьме іх родзіч іхні альбо спальшчык, каб вынесьці косткі іх з дому, і скажа прыдомніку: "ці ёсьць у цябе яшчэ хто?" Той адкажа: "няма нікога". І скажа гэты: "маўчы! бо нельга згадваць імя Гасподняга".
- 11. Бо вось, Гасподзь дасьць загад і ўразіць вялікія дамы расколінамі, а малыя дамы - шчылінамі.
- 12. Ці бегаюць коні па скале? ці можна араць яе валамі? Вы тым часам суд ператвараеце ў атруту і плод праўды - у горыч,
- 13. вы, якія захапляецеся нікчэмнымі рэчамі і кажаце: "ці не сваёю сілаю мы набылі сабе магутнасьць?"
- 14. Вось Я, кажа Гасподзь Бог Саваоф, падыму народ супроць вас, дом Ізраілеў, і буду ціснуць вас ад уваходу ў Эмат да патока ў пустыні.
Ничего нет для сопоставления.