- 1. Дзеці мае! гэта пішу вам, каб вы не грашылі; а калі б хто зграшыў, дык мы маем Заступніка перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка:
- 2. Ён ёсьць ахвяра мілажалю за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і ўсяго сьвету.
- 3. А што мы спазналі Яго, ведаем з таго, што выконваем Ягоныя запаведзі.
- 4. Хто кажа: "я спазнаў Яго", а запаведзяў Ягоных ня выконвае, той хлус, і няма ў ім ісьціны;
- 5. а хто выконвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая споўнілася: з гэтага даведваемся, што мы ў Ім.
- 6. Хто кажа, што жыве ў Ім, той павінен так паводзіць сябе, як Ён паводзіўся.
- 7. Любасныя! пішу вам ня новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку: запаведзь даўняя ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.
- 8. Але пры гэтым і новую запаведзь пішу вам, што ёсьць праўдзівае і ў Ім і ў вас: бо цемра праходзіць, і ўжо сьвеціць сапраўднае сьвятло.
- 9. Хто кажа, што ён у сьвятле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры.
- 10. Хто любіць брата свайго, той жыве ў сьвятле, і няма ў ім звады.
- 11. А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, бо цемра засьляпіла яму вочы.
- 12. Пішу вам, дзеці, бо дараваныя вам грахі дзеля імя Ягонага.
- 13. Пішу вам, бацькі, бо вы спазналі Існага ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі зламысьніка. Пішу вам, падлеткі, бо вы спазналі Айца.
- 14. Я напісаў вам, бацькі, бо вы спазналі Беспачатнага; я напісаў вам, юнакі, бо вы дужыя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі зламысьніка.
- 15. Ня любеце зямнога, ні таго, што ў зямным: хто любіць зямное, у тым няма любові Войчай:
- 16. бо ўсё, што зямное: пажада плоці, пажада вачэй і пыха жыцьцёвая, ня ёсьць ад Айца, а ад сьвету (гэтага).
- 17. І зямное мінаецца, і пажадлівасьць ягоная, а той, хто выконвае волю Божую, жыве вечна.
- 18. Дзеці! астатняя гадзіна. І як вы чулі былі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер паявілася шмат антыхрыстаў, дык мы і спазнаём з таго, што астатняя гадзіна.
- 19. Яны выйшлі ад нас, але ня былі нашыя; бо, калі б яны былі нашыя, дык засталіся б з намі; але яны выйшлі, і праз гэта адкрылася, што ня ўсе нашыя.
- 20. Але ж вы маеце памазаньне ад Сьвятога і ведаеце ўсё.
- 21. Я напісаў вам не на тое, каб вы ня ведалі ісьціны, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсякая мана не ад ісьціны.
- 22. Хто хлус, як ня той, хто адмаўляе, што Ісус ёсьць Хрыстос? Той - антыхрыст, хто адмаўляе Айца і Сына.
- 23. Кожны, хто адмаўляе Сына, ня мае і Айца; а хто вызна Сына, мае і Айца.
- 24. Дык вось, што вы чулі ад пачатку, тое хай і будзе ў вас; калі будзе ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце ў Сыне і ў Айцы.
- 25. А абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.
- 26. Гэта я напісаў вам пра тых, якія зводзяць вас.
- 27. А ўрэшце памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вам няма патрэбы, каб хто вучыў вас; але як самое гэта памазаньне вучыць вас усяму, і яно праўдзівае і нязманлівае, дык чаму яно навучыла вас, у тым і заставайцеся.
- 28. Дык вось, дзеці, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прышэсьце Ягонае.
- 29. Калі вы ведаеце, што Ён праведнік, дык ведайце і тое, што кожны, хто чыніць праўду, народжаны ад Яго.
Ничего нет для сопоставления.