- 1. Яшчэ скажу: спадкаемец, пакуль у маленстве, нічым не адрозьніваецца ад раба, хоць і гаспадар усяго:
- 2. ён пад апекунамі і кіраўнікамі аж да часу вызначанага бацькам.
- 3. Гэтак і мы, пакуль былі ў маленстве, былі паняволеныя рэчавым пачаткам сьвету;
- 4. але калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго (Адзінароднага), Які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам,
- 5. каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленьне.
- 6. А як што вы - сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: "Абба, Войча!"
- 7. Таму ты ўжо ня раб, а сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы празь Ісуса Хрыста.
- 8. Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі божышчам, якія па сутнасьці не багі;
- 9. а сёньня, уведаўшы Бога, альбо лепей, атрымаўшы пазнаньне ад Бога, навошта вяртаецеся зноў да бясьсілых і ўбогіх матар'яльных пачаткаў, і хочаце яшчэ зноў падняволіцца ім?
- 10. Вы пільна зважаеце на дні, месяцы, поры і гады.
- 11. Баюся за вас, ці ня марна я працаваў у вас.
- 12. Прашу вас, браты, будзьце, як я, таму што і я, як вы. Вы нічым не пакрыўдзілі мяне:
- 13. ведаеце, што, хоць я ў нядужай плоці зьвеставаў вам першы раз,
- 14. але вы не пагардзілі спакушэньня майго ў плоці маёй і не пагрэбавалі мною, а прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.
- 15. Якія вы былі дабрашчасныя! Сьведчу пра вас, што, калі б можна было, вы б вырвалі вочы свае і аддалі мне.
- 16. І вось, няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?
- 17. Рупяцца за вас нячыста, і хочуць вас адвярнуць, каб вы рупіліся пра іх.
- 18. Добра рупіцца ў добрым заўсёды, а не ў маёй толькі прысутнасьці ў вас.
- 19. Дзеці мае! я зноў дзеля вас у пакутах народзінаў, пакуль вобраз Хрыста ня выявіцца ў вас.
- 20. Хацеў бы я цяпер быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўменьні пра вас.
- 21. Скажэце мне вы, хто хоча быць пад законам: хіба вы ня слухаецеся закона?
- 22. Бо напісана: "Абрагам меў двух сыноў, аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай".
- 23. Але які рабыніч, той народжаны па плоці; а які ад вольнай, той па абяцаньні.
- 24. У гэтым ёсьць іншы сэнс. Гэта два запаветы: адзін ад гары Сінайскай, які родзіць на рабства, які ёсьць Агар,
- 25. бо Агар азначае гару Сінай у Аравіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, бо ён зь дзецьмі сваімі ў рабстве;
- 26. а вышэйшы Ерусалім вольны: Ён - маці ўсім нам.
- 27. Бо напісана: "узьвесяліся, няплодная, ты, што ня родзіш; усклікні і гукні, ты, што ня мучылася ў родах; бо ў пакінутай куды болей дзяцей, чым у той, што мае мужа".
- 28. Мы, браты, дзеці абяцаньня, як Ісаак.
- 29. Але як тады народжаны ад плоці гнаў таго, хто ад Духа, так і сёньня.
- 30. Што ж кажа Пісаньне? "Выгані рабыню і сына яе, бо сын рабыніч не спадчыньніць разам з сынам вольнае".
- 31. Таму, браты, мы дзеці не рабыні, а вольнай.
Ничего нет для сопоставления.