- 1. І вас, мёртвых за злачынствы і грахі вашыя,
- 2. у якіх вы калісьці жылі, згодна са звычаямі сьвету гэтага, па волі князя, які ўладарыць у паветры, духа, які дзее цяпер у сынах супраціву,
- 3. сярод якіх і мы калісьці жылі ў нашых плоцкіх жадобах, выконваючы пахаценьне плоці і помыслаў, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і астатнія,
- 4. Бог, багаты міласэрнасьцю, зь вялікай сваёй любові, якою палюбіў вас,
- 5. і нас, мёртвых за злачынствы, ажыватварыў з Хрыстом, - мілатою вы ўратаваныя,
- 6. і ўваскрэсіў зь Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысьце Ісусе,
- 7. каб зьявіць у наступных вяках найшчадрэйшае багацьце мілаты Сваёй у даброці да нас у Хрысьце Ісусе.
- 8. Бо мілатою вы ўратаваныя празь веру, і гэта не ад вас, - Божы дар:
- 9. не ад дзеяў, каб ніхто не хваліўся.
- 10. Бо мы - Ягоныя стварэньні, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя дзеі, якія Бог быў назначыў нам выконваць.
- 11. Дык вось памятайце, што вы, колісь язычнікі па плоці, якіх называлі "неабрэзанымі", так званыя "рукатворна абрэзаныя на плоці",
- 12. што вы былі ў той час бяз Хрыста, адсечаныя ад грамадзтва Ізраільскага, чужыя запаветам абяцаньня, ня мелі надзеі і былі бязбожнікі ў сьвеце;
- 13. а цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі колісь далёка, сталіся блізкімі Крывёю Хрыстоваю:
- 14. бо Ён ёсьць мір наш, Які зрабіў з двух адно і зруйнаваў перашкоду пасярэдзіне -
- 15. скасаваўшы варожасьць Плоцьцю Сваёю, - а закон запаведзяў - вучэньнем, каб з двух стварыць у Сабе Самім аднаго новага чалавека, сталюючы мір,
- 16. і ў адным целе прымірыць абодвух з Богам крыжам, забіўшы на гэтым варожасьць;
- 17. і, прыйшоўшы, "абвяшчаў мір вам, далёкім, і блізкім",
- 18. бо празь Яго і тыя і другія маем доступ да Айца, у адным Духу.
- 19. Дык вось, вы ўжо ня чужынцы і ня прыхадні, а суграмадзяне сьвятым і свае Богу,
- 20. уцьверджаныя на аснове апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста каменем вугла,
- 21. на якім увесь будынак, моцна складаны, вырастае ў сьвяты храм у Госпадзе,
- 22. на якім і вы будуецеся ў селішча Божае Духам.
Ничего нет для сопоставления.