- 1. Дык мацуйся, сыне мой, у мілаце Хрыстом Ісусам.
- 2. І што чуў ад мяне пры многіх сьведках, тое накажы верным людзям, якія былі б здольныя іншых вучыць.
- 3. Дык цярпі пакуты, як добры воін Ісуса Хрыста.
- 4. Ніякі воін ня зьвязвае сябе справамі буднымі, каб дагадзіць ваеначальніку.
- 5. Калі ж хто і змагаецца, вянка не здабудзе, калі будзе змагацца не паводле правіла.
- 6. Працоўны ратай першы павінен скаштаваць пладоў.
- 7. Разумей, што я кажу. Хай дасьць табе Гасподзь разуменьне ва ўсім.
- 8. Памятай (Госпада) Ісуса Хрыста ад семені Давідавага, Які ўваскрэс зь мёртвых, паводле зьвеставаньня майго.
- 9. за якое я пакутую аж да кайданаў, як злодзей; але на слова Божае няма кайданаў.
- 10. Таму я ўсё цярплю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збавеньне ў Ісусе Хрысьце зь вечнаю славаю.
- 11. Слушнае слова: калі мы зь Ім памерлі, дык зь Ім і ажывём;
- 12. калі церпім, дык зь Ім уладарыць будзем; калі зрачэмся, і Ён зрачэцца нас;
- 13. калі мы няверныя, Ён застаецца верны, бо Сябе зрачыся ня можа.
- 14. Гэта нагадвай, заклінаючы перад Госпадам ня ўступаць у спрэчкі, што зусім ня служыць на карысьць, а на разлад слухачам.
- 15. Старайся паставіць сябе прад Богам годным, працаўніком бездакорным, які правільна выкладае слова праўды.
- 16. А непатрэбнага пустаслоўя пазьбягай; бо яны яшчэ больш будуць памнажаць бязбожнасьць,
- 17. і слова іхняе, як пухліна, будзе пашырацца. Такія Іменей і Філіт,
- 18. якія адступіліся ад ісьціны, кажучы, што ўваскрэсеньне ўжо было, і разбураюць у некаторых веру.
- 19. Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы пячатку гэтую: "ведае Гасподзь Сваіх"; і: "хай адступіць ад няпраўды кожны, хто вызнае імя Госпада".
- 20. А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўняны і гліняны; і адзін у ганаровым, а другі ў нізкім ужытку.
- 21. Дык вось, хто будзе чысты ад гэтага, той будзе пасудзінай у гонары, асьвечанай і карыснай Уладыку, прыдатнай на ўсякую добрую патрэбу.
- 22. Юнацкіх пажадлівасьцяў пазьбягай, а трымайся праўды, веры, любові, згоды з усімі, хто заклікае Госпада ад чыстага сэрца.
- 23. Ад дурных і невуцкіх спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджаюць незлагадзь;
- 24. а рабу Госпада нельга сварыцца, а трэба быць прыязным да ўсіх, навучальным, нязлосным,
- 25. здольным лагодна настаўляць праціўнікаў, - можа, дасьць ім Бог пакаяньне для спазнаньня праўды,
- 26. каб яны вызваліліся зь цянётаў д'ябла, які залучыў іх у сваю волю.
Ничего нет для сопоставления.