- 1. Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі,
- 2. гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.
- 3. Падумайце пра Таго, Хто перацерпеў такі над Сабою глум ад грэшнікаў, каб вам не зьнемагчы і не паслабіцца душамі вашымі.
- 4. Вы яшчэ не да крыві змагаліся, адольваючы грэх,
- 5. і забылі суцяшэньне, якое прапануецца вам, як сынам: "Сыне мой! не пагрэбуй караю Гасподняй і не маркоціся, калі Ён выкрывае цябе.
- 6. Бо Гасподзь, каго любіць, таго і карае; а б'е кожнага сына, якога прымае".
- 7. Калі вы прымаеце кару, дык Бог учыняе з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць які сын, якога б не караў бацька.
- 8. Калі ж застаяцеся без пакараньня, якое ўсім агульнае, дык вы - няпраўныя дзеці, а ня сыны.
- 9. Прытым, калі мы, караныя цялеснымі бацькамі нашымі, баяліся іх, дык ці ж не намнога больш павінны скарыцца Айцу духаў, каб жыць?
- 10. Тыя каралі нас самохаць на некалькі дзён; а Гэты - дзеля карысьці, каб мы мелі супольнасьць у сьвятасьці Ягонай.
- 11. Усякае пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, а журбою; але пасьля навучаным празь яе дае мірны плод праведнасьці.
- 12. Таму "ўмацуйце зьняможаныя рукі й калені"
- 13. і "хадзеце проста нагамі вашымі, каб кульгавае ня збочыла, а лепшае выправілася".
- 14. Старайцеся мець мір з усімі і сьвятасьць, безь якое ніхто не пабачыць Госпада.
- 15. Сачэце, каб хто ня страціў мілаты Божае; каб які "горкі корань, калі вырасьце, не нарабіў шкоды", і каб ім не апаганіліся многія";
- 16. каб ня было паміж вамі якога распусьніка, альбо бязбожніка, які, нібы Ісаў, за адну ежу адмовіўся ад свайго першародства.
- 17. Бо вы ведаеце, што пасьля таго ён, хочучы ўспадкаваць дабраславеньне, быў адкінуты; ня мог перамяніць думак бацькі, хоць і прасіў за тое сьлёзна.
- 18. Вы падступіліся не да гары, да якой можна дакрануцца, і ўспалымнёнай вагнём, не да цемры і змроку і буры,
- 19. не да трубнага гуку і голасу словаў, пры якім слухачы прасілі, каб ніякіх словаў ім больш не казалі,
- 20. бо яны не маглі вытрываць таго, што запавядалася: "калі і зьвер дакранецца да гары, будзе пабіты камянямі, (альбо пацэлены стралою);
- 21. і такое вусьцішнае было гэта зьявішча, што і Майсей сказаў: "я ў страху і ў трымценьні".
- 22. Але вы падступіліся да гары Сіёна і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерусаліма і да процьмы анёлаў,
- 23. да пераможнага сабора і Царквы першынцаў, напісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласьці,
- 24. і да Заступніка новага запавета Ісуса, і да Крыві акрапленьня, якая гаворыць лепей, ніж Авелева.
- 25. Глядзеце, не адвярнецеся і вы ад прамоўцы. Калі тыя, ня слухаўшы прамоўцы на зямлі, не пазьбеглі кары, дык тым болей не пазьбегнем мы, калі адвернемся ад Прамоўцы зь нябёсаў;
- 26. чый голас тады пахіснуў зямлю, і Які цяпер даў такое абяцаньне: "яшчэ раз скалану ня толькі зямлю, але і неба".
- 27. Словы "яшчэ раз" азначаюць зьмену таго, што скаланаецца, як створанага, каб заставалася непахісным.
- 28. І вось мы, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць мілату, якою будзем служыць у спадабаньне Богу, з багавейнасьцю і страхам,
- 29. таму што Бог наш ёсьць "вагонь, які паядае".
Ничего нет для сопоставления.