< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50

Глава 38

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Тым часам Юда адышоў ад братоў сваіх і пасяліўся паблізу аднаго Адаламіцяніна, імя якога: Хіра.
  • 2. І ўбачыў там Юда дачку аднаго Хананэяніна, імя якога: Шуа; і ўзяў яе і ўвайшоў у яе.
  • 3. Яна зачала і нарадзіла сына; і ён даў яму імя: Ір.
  • 4. І зачала зноў, і нарадзіла сына, і дала яму імя: Анан.
  • 5. І яшчэ нарадзіла сына і дала яму імя: Шэла. Юда быў у Хэзіве, калі яна нарадзіла яго.
  • 6. І ўзяў Юда жонку Іру, першынцу свайму; імя ёй Тамар.
  • 7. Ір, першынец Юдаў, быў неспадобны прад вачыма Госпада, і ўсьмерціў яго Гасподзь.
  • 8. І сказаў Юда Анану: увайдзі да жонкі брата твайго, ажаніся зь ёю, як швагер, і аднаві семя брату твайму.
  • 9. Анан ведаў, што семя будзе не яму; і таму, калі ўваходзіў да жонкі брата свайго, выліваў на зямлю, каб ня даць семя брату свайму.
  • 10. Благое было прад вачыма Госпада тое, што ён рабіў; і Ён усьмерціў яго.
  • 11. І сказаў Юда Тамары, нявестцы сваёй: жыві ўдавою ў доме бацькі твайго, пакуль падрасьце Шэла, сын мой. Бо ён сказаў: не памёр бы і ён, як браты ягоныя. Тамар пайшла і пачала жыць у доме ў бацькі свайго.
  • 12. Прайшло шмат часу, і памерла дачка Шуі, жонка Юдава. Юда суцешыўшыся пайшоў у Тамну, да стрыгалёў быдла ягонага, сам і Хіра, сябар ягоны Адаламіцянін.
  • 13. І паведамілі Тамары, кажучы: вось, сьвёкар твой ідзе ў Тамну стрыгчы быдла сваё.
  • 14. І зьняла яна зь сябе вопратку ўдоўства свайго, накрыла сябе пакрывалам і закрыўшыся села каля брамы Энаіма, што на дарозе ў Тамну. Бо бачыла, што Шэла вырас, і яна ня дадзена яму за жонку.
  • 15. І ўбачыў яе Юда і палічыў яе за распусьніцу, бо яна захінула твар свой.
  • 16. Ён павярнуўся да яе і сказаў: увайду я да цябе. Бо ня ведаў, што гэта - нявестка ягоная. Яна сказала: што ты дасі мне, калі ўвойдзеш да мяне?
  • 17. Ён сказаў: я прышлю табе казьляня са статку. Яна сказала: ці дасі ты мне заклад, пакуль прышлеш?
  • 18. Ён сказаў: які даць табе заклад? Яна сказала: пячатку тваю, і перавязь тваю, і лёску тваю, якая ў руцэ тваёй. І даў ён ёй і ўвайшоў да яе; і яна зачала ад яго.
  • 19. І ўстаўшы пайшла, зьняла зь сябе пакрывала сваё і апранулася ў вопратку ўдоўства свайго.
  • 20. А Юда паслаў казьляня празь сябра свайго Адаламіцяніна, каб забраць заклад з рукі жанчыны; але ён не знайшоў яе.
  • 21. І спытаўся ў жыхароў той мясьціны, кажучы: дзе распусьніца, якая была ў Энаіме пры дарозе? Але яны сказалі: тут ня было распусьніцы.
  • 22. І вярнуўся ён да Юды і сказаў: я не знайшоў яе; ды і жыхары мясьціны той сказалі: тут ня было распусьніцы.
  • 23. Юда сказаў: няхай яна возьме сабе, каб толькі не пачалі з нас сьмяяцца; вось, я пасылаў гэтае казьляня; але ты не знайшоў яе.
  • 24. Прайшло каля трох месяцаў, і сказалі Юду, кажучы: Тамар, нявестка твая, далася ў распусту, і вось, яна цяжарная ад распусты. Юда сказаў: выведзіце яе, і хай яна будзе спалена.
  • 25. Але калі павялі яе, яна паслала сказаць сьвёкру свайму: я цяжарная ад таго, чые гэта рэчы. І сказала: даведайся, чыя гэта пячатка і перавязь і лёска.
  • 26. Юда пазнаў і сказаў: яна справядлівейшая за мяне, бо я ня даў яе Шэлу, сыну майму. І не спазнаваў яе болей.
  • 27. Пад час родаў яе выявілася, што блізьняты ў нутробе ў яе.
  • 28. І пад час родаў яе паказалася рука; і ўзяла бабка-павітуха і навязала яму на руку чырвоную нітку, сказаўшы: гэты выйшаў першы.
  • 29. Але ён вярнуў руку сваю; і вось, выйшаў брат ягоны. І яна сказала: як ты разарваў сабе перашкоду? І дадзена яму імя: Фарэс.
  • 30. Потым выйшаў брат ягоны з чырвонаю ніткаю на руцэ. І дадзена яму імя: Зара.
Ничего нет для сопоставления.