- 1. І дакаралі Марыям і Аарон Майсея за жонку Эфіопку, якую ён узяў, - бо ён узяў за сябе Эфіопку, -
- 2. і сказалі: ці ж аднаму Майсею гаварыў Гасподзь? ці не гаварыў Ён і нам? І пачуў гэта Гасподзь.
- 3. А Майсей быў чалавек найрахманейшы з усіх людзей на зямлі.
- 4. І сказаў Гасподзь зьнянацку Майсею і Аарону і Марыям: выйдзіце вы трое да скініі сходу. І выйшлі ўсе трое.
- 5. І сышоў Гасподзь у воблачным слупе, і стаў каля ўваходу ў скінію, і паклікаў Аарона і Марыям, і выйшлі яны абое.
- 6. І сказаў: слухайце словы Мае: калі бывае ў вас прарок Гасподні, дык Я адкрываюся яму ва ўяве, у сьне гутару зь ім;
- 7. але ня так, як з рабом Маім Майсеем, - ён верны ва ўсім дому Майму:
- 8. вусны ў вусны гавару Я зь ім, і яўна, а не ва ўявах, і вобраз Госпада бачыць ён; як жа не пабаяліся вы дакараць раба Майго Майсея?
- 9. І ўспалымніўся гнеў Гасподні на іх, і Ён адышоў.
- 10. І воблака адышло ад скініі, і вось, Марыям пакрылася праказаю, як сьнегам. Аарон зірнуў на Марыям, і вось яна ў праказе.
- 11. І сказаў Аарон Майсею: гаспадару мой! не палічы нам за грэх, што мы зрабілі неразумна і зграшылі;
- 12. не дапусьці, каб яна была, як дзіця, што нарадзілася мёртвае, у якога, калі яно выходзіць з чэрава маці сваёй, стлела ўжо палавіна цела.
- 13. І залямантаваў Майсей да Госпада, кажучы: Божа, ацалі яе!
- 14. І сказаў Гасподзь Майсею: калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, дык ці ня мусіла б яна саромецца сем дзён? дык вось, няхай будзе яна ў затачэньні сем дзён па-за табарам, а пасьля зноў вернецца.
- 15. І прабыла Марыям у затачэньні па-за табарам сем дзён, і народ не выпраўляўся ў дарогу, пакуль не вярнулася Марыям.
Ничего нет для сопоставления.