- 1. І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
- 2. скажы сынам Ізраілевым і вазьмі ў іх посах ад кожнага роду, ад усіх правадыроў іхніх па плямёнах, дванаццаць посахаў, і імя кожнага напішы на посаху ягоным;
- 3. імя Аарона напішы на посаху Лявііным, бо адзін посах ад правадыра племені іхняга;
- 4. і пакладзі іх у скініі сходу, перад каўчэгам адкрыцьця, дзе зьяўляюся Я вам;
- 5. і каго Я выберу, посах таго зацьвіце; і так Я суйму нараканьне сыноў Ізраілевых, якім яны наракаюць на вас.
- 6. І сказаў Майсей сынам Ізраілевым, і далі яму ўсе правадыры іхнія, ад кожнага правадыра посах паводле плямёнаў іхніх дванаццаць посахаў, і посах Ааронаў быў сярод посахаў іхніх.
- 7. І паклаў Майсей посахі прад абліччам Госпада ў скініі сходу.
- 8. На другі дзень увайшоў Майсей у скінію сходу, і вось, посах Ааронаў, ад дома Лявіінага, зацьвіў, пусьціў парасткі, даў цьвет і ўрадзіў міндаліны.
- 9. І вынес Майсей усе посахі ад аблічча Гасподняга да ўсіх сыноў Ізраілевых; і ўгледзелі яны гэта і ўзялі кожны свой посах.
- 10. І сказаў Гасподзь Майсею: пакладзі зноў посах Ааронаў перад каўчэгам адкрыцьця на захаваньне, як азнаку непакорлівым, каб перасталі наракаць на Мяне, і каб яны не памерлі.
- 11. Майсей зрабіў гэта: як загадаў яму Гасподзь, так ён і зрабіў.
- 12. І сказалі сыны Ізраілевыя Майсею: вось, мы паміраем, гінем, усе гінем!
- 13. кожны, хто набліжаецца да скініі Гасподняй, памірае: ці не давядзецца ўсім нам памерці?
Ничего нет для сопоставления.