- 1. Калі Гасподзь, Бог твой, зьнішчыць народы, чыю зямлю дае табе Гасподзь, Бог твой, і ты ўступіш у спадчыну пасьля іх і аселішся ў гарадах іхніх і дамах іхніх,
- 2. тады выдзелі сабе тры гарады сярод зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне;
- 3. пракладзі сабе дарогу і падзялі на тры часткі ўсю замлю тваю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку; яны будуць служыць сховішчам кожнаму забойцу.
- 4. І вось які забойца можа ўцякаць туды і заставацца жывым: хто забэе блізкага свайго без намыслу, ня быўшы ворагам яму ўчора і заўчора;
- 5. хто пойдзе зь блізкім сваім у лес сячы дровы, і размахнецца рука яго зь сякерай, каб сьсячы дрэва, і саскочыць жалеза з тапарышча і трапіць у блізкага, і той памрэ, - такі няхай уцячэ ў адзін з гарадоў тых, каб застацца жывым,
- 6. каб помсьнік за кроў у гарачцы сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі далёкая будзе дарога, і не забіў яго, тым часам як ён ня мае быць асуджаны на сьмерць, бо ня быў ворагам яму ўчора і заўчора;
- 7. таму я і даў табе загад, кажучы: выдзелі сабе тры гарады.
- 8. А калі Гасподзь, Бог твой, пашырыць межы твае, як Ён прысягаўся бацькам тваім, і дасьць табе ўсю зямлю, якую Ён абяцаў даць бацькам тваім,
- 9. калі ты будзеш старацца выконваць усе гэтыя запаведзі, якія я наказваю табе сёньня, любіць Госпада Бога твайго ўсе дні, тады да гэтых трох гарадоў дадай яшчэ тры гарады,
- 10. каб не пралівалася кроў невінаватага сярод зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, і каб ня было на табе крыві.
- 11. Але калі хто будзе ворагам блізкаму свайму і будзе падпільноўваць яго, і паўстане на яго і забэе яго да сьмерці, і ўцячэ ў адзін з гарадоў тых,
- 12. дык старэйшыны горада ягонага павінны паслаць, каб узяць яго адтуль і перадаць яго ў рукі помсьніка за кроў, каб ён памёр;
- 13. хай ня літуе яго вока тваё; змый зь Ізраіля кроў невінаватага і будзе табе добра.
- 14. Не парушай мяжы блізкага твайго, якую паклалі продкі ў дзялянцы тваёй, што дасталася табе на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне.
- 15. Ня досыць аднаго сьведкі супроць каго-небудзь у якой-небудзь віне і ў якім-небудзь злачынстве і ў якім-небудзь грэху, якім ён згрэшыць: пры словах двух сьведкаў, альбо пры словах трох сьведкаў адбудзецца справа.
- 16. Калі выступіць супроць каго сьведка несправядлівы, вінавацячы яго ў злачынстве,
- 17. дык няхай стануць абодва гэтыя чалавекі, у якіх цяжбіна, прад Госпадам, перад сьвятарамі і перад судзьдзямі, якія будуць у тыя дні;
- 18. судзьдзі павінны добра прасачыць, і калі сьведка той - сьведка фальшывы, фальшывае данёс на брата свайго,
- 19. дык зрабеце яму тое, што ён намышляў зрабіць брату свайму; і гэтак вынішчы зло спасярод сябе;
- 20. і астатнія пачуюць, і збаяцца і ня будуць болей рабіць такога зла сярод цябе;
- 21. хай ня літуе вока тваё: душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу.
Ничего нет для сопоставления.