< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

Глава 27

  • Закрыть сопоставления
  • 1. І наказаў Майсей і старэйшыны сыноў Ізраілевых народу, кажучы: выконвайце ўсе запаведзі, якія наказваю вам сёньня.
  • 2. І калі пяройдзеце за Ярдан у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, тады пастаў сабе вялікія камяні і абмаж іх вапнаю;
  • 3. і напішы на камянях гэтых усе словы закона гэтага, калі пяройдзеш Ярдан, каб уступіць у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, у зямлю, дзе цячэ малако і мёд, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькоў тваіх.
  • 4. Калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце камяні тыя, як я загадваю вам сёньня, на гары Гевал і абмажце іх вапнаю;
  • 5. і зладзь там ахвярнік Госпаду, Богу твайму, ахвярнік з камянёў, не падымаючы на іх жалеза;
  • 6. з камянёў цэлых зладзь ахвярнік Госпада, Бога твайго, і ўчыняй на ім цэласпаленьні Госпаду, Богу твайму,
  • 7. і прынось ахвяры мірныя, і еж там, і радуйся прад Госпадам, Богам тваім;
  • 8. і напішы на камянях усе словы закона гэтага вельмі выразна.
  • 9. І сказаў Майсей і сьвятары лявіты ўсяму Ізраілю, кажучы: уважай і слухай, Ізраіле; у дзень гэты ты зрабіўся народам Госпада, Бога твайго;
  • 10. дык вось, слухайся голасу Госпада, Бога твайго, і выконвай запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія наказваю табе сёньня.
  • 11. І наказаў Майсей народу ў той дзень, кажучы:
  • 12. гэтыя павінны стаць на гары Гарызім, каб дабраслаўляць народ, калі пяройдзеце Ярдан: Сымон, Лявій, Юда, Ісахар, Язэп і Веньямін;
  • 13. а гэтыя павінны стаць на гары Гевал, каб праклінаць: Рувім, Гад, Асір, Завулон, Дан і Нэфталім.
  • 14. Лявіты абвесьцяць і скажуць усім Ізраільцянам гучным голасам:
  • 15. пракляты, хто зробіць разьбёнага альбо вылітага балвана, мярзоту прад Госпадам, твор рук мастака, і паставіць яго ў патайнай мясьціне! Увесь народ абвесьціць і скажа: амін.
  • 16. Пракляты той, хто ліхасловіць бацьку свайго і маці сваю! І ўвесь народ скажа: амін.
  • 17. Пракляты той, хто парушае мяжу блізкага свайго! І ўвесь народ скажа: амін.
  • 18. Пракляты, хто сьляпога зьбівае з дарогі! І ўвесь народ скажа: амін.
  • 19. Пракляты, хто крыва судзіць прыхадня, сірату і ўдаву! І ўвесь народ скажа: амін.
  • 20. Пракляты, хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, бо ён адкрыў край вопраткі бацькі свайго! І ўвесь народ скажа: амін.
  • 21. Пракляты, хто ляжа зь якім-небудзь быдлам! І ўвесь народ скажа: амін.
  • 22. Пракляты, хто ляжа зь сястрою сваёю, з дачкою бацькі свайго, альбо з дачкою маці сваёй! І ўвесь народ скажа: амін.
  • 23. Пракляты, хто ляжа зь цешчаю сваёю! І ўвесь народ скажа: амін.
  • 24. Пракляты, хто таемна забівае блізкага свайго! І ўвесь народ скажа: амін.
  • 25. Пракляты, хто бярэ хабар, каб забіць душу і праліць кроў нявінную! І ўвесь народ скажа: амін.
  • 26. Пракляты, хто ня выконвае слоў закона гэтага і ня будзе рабіць паводле яго! І ўвесь народ скажа: амін.
Ничего нет для сопоставления.