- 1. Тады сказаў Гасподзь Ісусу: вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон і цара яго, і магутаў ягоных;
- 2. ідзеце вакол горада ўсе здольныя ваяваць і абыходзьце горад адзін раз; і рабі гэтак шэсьць дзён;
- 3. і сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам; а на сёмы дзень абыдзеце горад сем разоў, і сьвятары няхай трубяць у трубы;
- 4. калі затрубіць юбілейны рог, калі пачуеце гук трубы, тады ўвесь народ няхай гукне моцным голасам, і гарадскі мур абваліцца да зямлі, і народ пойдзе кожны са свайго боку.
- 5. І паклікаў Ісус, сын Наваў, сьвятароў і сказаў ім: нясеце каўчэг запавета; а сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам Гасподнім.
- 6. І сказаў народу: ідзеце і абыдзеце вакол горада; а ўзброеныя няхай ідуць перад каўчэгам Гасподнім.
- 7. Як толькі Ісус сказаў народу, сем сьвятароў, якія несьлі сем труб юбілейных перад Госпадам, пайшлі і затрубілі ў трубы, і каўчэг запавета Гасподняга ішоў за імі;
- 8. а ўзброеныя ішлі перад сьвятарамі, якія трубілі ў трубы; а тыя, што ішлі ззаду, ішлі за каўчэгам, пад час шэсьця трубячы ў трубы.
- 9. А народу Ісус даў загад і сказаў: ня гукайце і не давайце чуць голасу вашага, і каб слова ня выходзіла з вуснаў вашых да таго дня, пакуль я не скажу вам: "выгукніце!" і тады гукнеце.
- 10. Такім чынам каўчэг запавета Гасподняга пайшоў вакол горада і абышоў адзін раз; і прыйшлі ў табар і начавалі ў табары.
- 11. Ісус устаў рана раніцай, і сьвятары панесьлі каўчэг запавета Гасподняга;
- 12. і сем сьвятароў, якія несьлі сем труб юбілейных перад каўчэгам Гасподнім, ішлі і трубілі ў трубы; а ўзброеныя ішлі перад імі, а тыя, што ішлі ззаду, ішлі за каўчэгам запавета Гасподняга і ідучы трубілі ў трубы.
- 13. Такім чынам і на другі дзень абышлі вакол горада адзін раз і вярнуліся ў табар. І рабілі гэта шэсьць дзён.
- 14. На сёмы дзень усталі рана, як толькі занялася зара, і абышлі такім самым чынам вакол горада сем разоў; толькі ў гэты дзень абышлі сем разоў.
- 15. Калі сёмы раз сьвятары трубілі ў трубы, Ісус сказаў народу: радуйцеся, бо Гасподзь аддаў вам горад!
- 16. а горад будзе пракляты, і ўсё, што ў ім, - Госпаду; толькі Рааў блудніца няхай застанецца жывая, яна і кожны, хто ў яе ў доме; бо яна схавала пасланых, якіх мы пасылалі;
- 17. але вы асьцерагайцеся праклятага, каб і самім не паддацца заклёну, калі возьмеце што-колечы з праклятага, і каб на табар Ізраільскі не навесьці праклёну і ня ўчыніць яму бяды;
- 18. і ўсё срэбра і золата, і посуд медны і жалезны хай будуць сьвятыняю Госпаду і ўвойдуць у скарбніцу Гасподнюю.
- 19. Народ закрычаў, і затрубілі ў трубы. Як толькі пачуў горад голас трубы, усклікнуў народ гучным і моцным голасам, і абваліўся мур да самай зямлі, і народ пайшоў у горад, кожны са свайго боку, і ўзялі горад.
- 20. І праклялі ўсё, што ў горадзе, і мужчын і жанчын, і маладых і старых, і валоў і авечак і аслоў, вынішчылі мечам.
- 21. А двум хлопцам, якія аглядвалі зямлю, Ісус сказаў: ідзеце ў дом да тае блудніцы і выведзіце адтуль яе і ўсіх, хто ў яе, бо вы запрысягнуліся ёй.
- 22. І пайшлі хлопцы, якія аглядвалі, і вывелі Рааў і бацьку яе і маці яе, і братоў яе і ўсіх, што былі ў яе, і ўсіх родзічаў вывелі, і паставілі іх па-за табарам Ізраільскім.
- 23. А горад і ўсё, што ў ім, спалілі агнём; толькі срэбра і золата, і посуд медны і жалезны аддалі ў скарбніцу дома Гасподняга.
- 24. А Рааў блудніцу і дом бацькі яе і ўсіх, хто ў яе быў, Ісус пакінуў жывых, і яна жыве сярод Ізраіля да сёньня, бо яна схавала пасланцаў, якіх пасылаў Ісус на агледзіны Ерыхона.
- 25. У той час Ісус прысягнуўся і сказаў: пракляты перад Госпадам той, хто адродзіць і адбудуе горад гэты Ерыхон; на першынцы сваім ён закладзе аснову яго і на малодшым сваім паставіць браму яго.
- 26. І Гасподзь быў зь Ісусам, і слава яго неслася па ўсёй зямлі.
Ничего нет для сопоставления.