- 1. Саламон парадніўся з фараонам - царом Егіпецкім і ўзяў за сябе дачку фараона і ўвёў яе ў горад Давідаў, пакуль не пабудаваў дома свайго і дома Гасподняга і мура вакол Ерусаліма.
- 2. Народ яшчэ прыносіў ахвяры на вышынях, бо ня быў пабудаваны дом імю Госпада да таго часу.
- 3. І палюбіў Саламон Госпада, ходзячы паводле статута Давіда, бацькі свайго; але і ён прыносіў ахвяры і дымленьні на вышынях.
- 4. І пайшоў цар у Гаваон, каб прынесьці там ахвяру, бо там быў галоўны ахвярнік. Тысячу цэласпаленьняў прынёс Саламон на тым ахвярніку.
- 5. У Гаваоне зьявіўся Гасподзь Саламону ў сне ўначы, і сказаў Бог: прасі, што даць табе.
- 6. І сказаў Саламон: Ты зрабіў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, вялікую ласку; і за тое, што ён хадзіў прад Табою ў ісьціне і ў шчырай праўдзе і з шчырым сэрцам прад Табою, Ты захаваў яму гэтую вялікую ласку і дараваў яму сына, які сядзеў бы на троне ягоным, як гэта і ёсьць сёньня;
- 7. і сёньня, Госпадзе Божа мой, Ты паставіў раба Твайго царом замест Давіда, бацькі майго; але я - хлопец малы, ня ведаю ні майго выхаду, ні ўваходу;
- 8. і раб Твой - сярод народу Твайго, які выбраў Ты, народу такога шматлікага, што паводле мноства яго нельга ні палічыць, ні агледзець;
- 9. даруй жа рабу Твайму сэрца разумнае, каб судзіць народ Твой і разьбіраць, што дабро і што ліха; бо хто можа кіраваць гэтым шматлікім народам Тваім?
- 10. І заўгодна было Госпаду, каб Саламон прасіў гэтага.
- 11. І сказаў яму Бог: за тое, што ты прасіў гэтага і не прасіў сабе доўгага жыцьця, не прасіў сабе багацьця, не прасіў сабе душаў ворагаў тваіх, прасіў сабе розуму, каб умець судзіць, -
- 12. вось, Я зраблю паводле слова твайго: вось, Я даю табе сэрца мудрае і разумнае, так што падобнага да цябе ня было да цябе, і пасьля цябе не паўстане падобны да цябе;
- 13. і тое, чаго ты не прасіў, Я даю табе, і багацьце і славу, так што ня будзе падобнага да цябе сярод цароў ва ўсе дні твае;
- 14. і калі будзеш хадзіць шляхам Маім, захоўваючы статуты Мае і запаведзі Мае, як хадзіў бацька твой Давід, Я падоўжу і дні твае.
- 15. І прачнуўся Саламон, і вось, гэта быў сон. І пайшоў ён у Ерусалім і стаў перад каўчэгам запавету Гасподняга, і прынёс цэласпаленьні і ўчыніў ахвяры мірныя, і зладзіў вялікую гасьціну ўсім слугам сваім.
- 16. Тады прыйшлі дзьве жанчыны блудніцы да цара і сталі перад ім.
- 17. І сказала адна жанчына: о, гаспадару мой! я і гэтая жанчына жывём у адным доме; і я нарадзіла пры ёй у гэтым доме;
- 18. на трэці дзень пасьля таго, як я нарадзіла, нарадзіла і гэтая жанчына; і былі мы разам, і ў доме нікога староньняга з намі ня было; толькі мы дзьве былі ў доме;
- 19. і памёр сын у гэтай жанчыны ўначы, бо яна прыспала яго;
- 20. і ўстала яна ўначы, і ўзяла сына майго ад мяне, калі я, рабыня твая, спала, і паклала яго да сваіх грудзей, а свайго мёртвага сына паклала да маіх грудзей;
- 21. раніцай я ўстала, каб накарміць сына майго, і вось, ён быў мёртвы; а калі я ўгледзелася ў яго раніцай, дык гэта быў ня мой сын, якога я нарадзіла.
- 22. І сказала другая жанчына: не, мой сын жывы, а твой сын мёртвы. А тая казала ёй: не, твой сын мёртвы, а мой жывы. І гаварылі яны так перад царом.
- 23. І сказаў цар: гэтая кажа: мой сын жывы, а твой сын мёртвы; а тая кажа: не, твой сын мёртвы, а мой сын жывы.
- 24. І сказаў цар: падайце мне меч. І прынесьлі меч цару.
- 25. І сказаў цар: расьсячэце жывое дзіця напалам і аддайце палавіну адной і палавіну другой.
- 26. І адказвала тая жанчына, у якое сын быў жывы, цару, бо ўсхвалявалася ўся нутрына ў яе ад жаласьці да сына свайго: о, гаспадару мой! аддайце ёй гэтае дзіця жывое і не забівайце яго. А другая казала: хай жа ня будзе ні мне ні табе, сячэце.
- 27. І адказваў цар і сказаў: аддайце гэтай жывое дзіця і не забівайце яго: яна - ягоная маці.
- 28. І пачуў увесь Ізраіль пра суд, як рассудзіў цар. І пачалі баяцца цара, бо ўбачылі, што мудрасьць Божая ў ім, каб чыніць суд.
Ничего нет для сопоставления.