- 1. У першы год Кіра, цара Персідскага, дзеля выкананьня слова Гасподняга з вуснаў Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага; і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім, словамі і пісьмова.
- 2. так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі.
- 3. Хто ёсьць з вас, з усяго народу Яго, - хай будзе Бог яго зь ім, - і хай ён ідзе ў Ерусалім, што ў Юдэі, і будуе дом Госпада Бога Ізраілевага, таго Бога, Які ў Ерусаліме.
- 4. А ўсе, што засталіся ва ўсіх месцах, дзе б той ні жыў, хай дапамогуць яму жыхары месца таго срэбрам і золатам і іншай маёмасьцю, і быдлам, з дабраахотным дараваньнем на дом Божы, што ў Ерусаліме.
- 5. І падняліся ўзначальнікі пакаленьняў Юдавых і Веньямінавых, і сьвятары і лявіты, кожны, у кім абудзіў Бог дух ягоны, каб пайсьці будаваць дом Гасподні, які ў Ерусаліме.
- 6. І ўсе суседзі іхнія дапамагалі ім срэбным посудам, і золатам, іншай маёмасьцю і быдлам, і дарагімі рэчамі, звыш усякага дабрахотнага дараваньня на храм.
- 7. І цар Кір вынес посуд дома Гасподняга, які Навухаданосар узяў у Ерусаліме і паклаў у доме бога свайго,
- 8. і вынес яго Кір, цар Персідскі, рукою Мітрэдата скарбоўца, а ён, палічыўшы, здаў Шэшбацару князю Юдаваму.
- 9. І вось лік яго: місак залатых трыццаць, місак срэбраных тысяча, нажоў дваццаць дзевяць,
- 10. чараў залатых трыццаць, чараў срэбраных двайных чатырыста дзесяць, іншага посуду тысяча:
- 11. усяго посуду, залатога і срэбнага, пяць тысяч чатырыста. Усё гэта ўзяў з сабою Шэшбацар пры адпраўленьні перасяленцаў з Вавілона ў Ерусалім.
Ничего нет для сопоставления.