Глава 1

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10
  • 1. У першы год Кіра, цара Персідскага, дзеля выкананьня слова Гасподняга з вуснаў Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага; і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім, словамі і пісьмова.
  • 2. так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі.
  • 3. Хто ёсьць з вас, з усяго народу Яго, - хай будзе Бог яго зь ім, - і хай ён ідзе ў Ерусалім, што ў Юдэі, і будуе дом Госпада Бога Ізраілевага, таго Бога, Які ў Ерусаліме.
  • 4. А ўсе, што засталіся ва ўсіх месцах, дзе б той ні жыў, хай дапамогуць яму жыхары месца таго срэбрам і золатам і іншай маёмасьцю, і быдлам, з дабраахотным дараваньнем на дом Божы, што ў Ерусаліме.
  • 5. І падняліся ўзначальнікі пакаленьняў Юдавых і Веньямінавых, і сьвятары і лявіты, кожны, у кім абудзіў Бог дух ягоны, каб пайсьці будаваць дом Гасподні, які ў Ерусаліме.
  • 6. І ўсе суседзі іхнія дапамагалі ім срэбным посудам, і золатам, іншай маёмасьцю і быдлам, і дарагімі рэчамі, звыш усякага дабрахотнага дараваньня на храм.
  • 7. І цар Кір вынес посуд дома Гасподняга, які Навухаданосар узяў у Ерусаліме і паклаў у доме бога свайго,
  • 8. і вынес яго Кір, цар Персідскі, рукою Мітрэдата скарбоўца, а ён, палічыўшы, здаў Шэшбацару князю Юдаваму.
  • 9. І вось лік яго: місак залатых трыццаць, місак срэбраных тысяча, нажоў дваццаць дзевяць,
  • 10. чараў залатых трыццаць, чараў срэбраных двайных чатырыста дзесяць, іншага посуду тысяча:
  • 11. усяго посуду, залатога і срэбнага, пяць тысяч чатырыста. Усё гэта ўзяў з сабою Шэшбацар пры адпраўленьні перасяленцаў з Вавілона ў Ерусалім.