- 1. На дваццаць чацьвёрты дзень гэтага месяца сабраліся ўсе сыны Ізраілевыя, якія пасьціліся і ў вярэтах і з попелам на галовах сваіх.
- 2. І аддзялілася насеньне Ізраілевае ад усіх іншародных, і ўсталі і спавядаліся ў грахах сваіх і ў злачынствах бацькоў сваіх.
- 3. І стаялі на сваім месцы, і чвэрць дня чыталі з кнігі закона Госпада Бога свайго, і чвэрць спавядаліся і пакланяліся Госпаду Богу свайму.
- 4. І ўсталі на ўзвышанае месца лявітаў: Ісус, Ванія, Кадмііл, Шэванія, Вуній, Шэрэвія, Ванія, Хэнані, і гучна заклікалі да Госпада Бога свайго.
- 5. І сказалі лявіты - Ісус, Кадмііл, Ванія, Хашаўнія, Шэрэвія, Гадыя, Шэванія, Пэтахія: устаньце, слаўце Госпада Бога вашага адвеку і давеку. Хай славасловяць вартае ўслаўленьня і вышэйшае за ўсякае славаслоўе і хвалу імя Тваё!
- 6. І сказаў Эздра: Ты, Госпадзе адзіны. Ты стварыў неба, нябёсы нябёсаў і ўсё войска іх, зямлю і ўсё, што на ёй, моры і ўсё, што ў іх, і Ты жывіш усё гэта, і нябесныя войскі Табе пакланяюцца.
- 7. Ты Сам, Госпадзе Божа, выбраў Абрагама і вывеў яго з Ура Халдэйскага, і даў яму імя Абрагама,
- 8. і знайшоў яго сэрца верным прад Табою, і заключыў зь ім запавет, каб даць семені ягонаму зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Евусэяў і Гергэсэяў. І Ты выканаў слова Сваё, бо Ты праведны.
- 9. Ты ўбачыў бедства бацькоў нашых у Егіпце і пачуў енк іхні каля Чэрмнага мора,
- 10. і паказаў знакі і цуды над фараонам і над усімі рабамі ягонымі, і над усім народам зямлі ягонай, бо Ты ведаў, што яны пагардліва абыходзіліся зь імі, і зарабіў Ты Сабе імя да гэтага дня.
- 11. Ты расьсек перад імі мора, і яны сярод мора прайшлі па сухім, а тых, што гналіся за імі, укінуў у глыбіні, як камень у вялікія воды.
- 12. У слупе воблачным Ты вёў іх удзень і ў слупе вогненным уначы, каб асьвятляць ім дарогу, па якой ім ісьці.
- 13. І сышоў Ты на гару Сінай і гаварыў зь імі зь неба, і даў ім суды справядлівыя, законы правільныя; пастановы і запаведзі добрыя.
- 14. І ўказаў ім сьвятую Тваю суботу і запаведзі, і пастановы і закон падаў ім праз раба Твайго Майсея.
- 15. І хлеб зь неба Ты даваў ім у голадзе іхнім і ваду з каменю крынічыў ім у смазе іхняй, і сказаў ім, каб яны пайшлі і авалодалі зямлёю, якую Ты, падняўшы руку Тваю, запрысягнуўся даць ім.
- 16. Але яны і бацькі нашыя ўпарціліся, і шыю сваю трымалі пругка, і ня слухаліся наказаў Тваіх;
- 17. не захацелі слухацца і ня ўспомнілі цудоўных дзеяў Тваіх, якія Ты рабіў зь імі, і трымалі шыю сваю пругка і з упартасьці сваёй паставілі над сабою правадыра, каб вярнуцца ў рабства сваё. Але Ты Бог, Які любіць дараваць, добры і міласэрны, доўгацярплівы і шматлітасьцівы, і Ты не пакінуў іх.
- 18. І хоць яны зрабілі сабе літое цяля і сказалі: вось бог твой, які вывеў цябе зь Егіпта, і хоць рабілі вялікія абразы,
- 19. але Ты, зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, не пакідаў іх у пустыні; слуп воблачны не адыходзіў ад іх удзень, каб весьці іх па шляху, і слуп вогненны ўначы, каб сьвяціць ім у дарозе, якою яны ішлі.
- 20. І Ты даў ім Духа Твайго добрага, каб настаўляць іх, і манну Тваю не адбіраў ад вуснаў іхніх, і ваду даваў ім дзеля наталеньня смагі іхняй.
- 21. Сорак гадоў Ты карміў іх у пустыні; яны ні ў чым ня мелі нястачы, вопратка іхняя не старэла, і ногі іхнія ня пухлі.
- 22. І Ты даў ім царства і народы, і падзяліў ім, і яны авалодалі зямлёю Сігона, і зямлёю цара Есэвонскага, і зямлёю Ога, цара Васанскага.
- 23. І сыноў іхніх Ты памножыў, як зоркі нябесныя, і ўвёў іх у зямлю, пра якую Ты казаў бацькам іхнім, што яны прыйдуць валодаць ёю.
- 24. І ўвайшлі сыны іхнія, і авалодалі зямлёю. І Ты скарыў ім жыхароў зямлі, Хананэяў, і аддаў іх у рукі іхнія, і цароў іхніх, і народы зямлі, каб яны рабілі зь імі па сваёй волі.
- 25. І занялі яны ўмацаваныя гарады і тлустую зямлю, і ўзялі ў валоданьне дамы, напоўненыя ўсялякім дабром, вадаёмы, высечаныя з каменю, вінаградныя і масьлічныя сады і мноства дрэў з пладамі на ежу. Яны елі, насычаліся, тлусьцелі і мелі асалоду зь вялікай дабрыні Тваёй;
- 26. і зрабіліся ўпартыя і ўзбурыліся супроць Цябе: і занядбалі закон Твой, забівалі прарокаў Тваіх, якія ўмаўлялі іх зьвярнуцца да Цябе, і рабілі вялікія абразы.
- 27. І Ты аддаў іх у рукі ворагам іхнім, якія ўціскалі іх. Але калі, у цяжкі для яго час, яны заклікалі Цябе, Ты выслухваў іх зь нябёсаў, і зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, даваў ім ратавальнікаў, і яны ратавалі іх ад рук ворагаў іхніх.
- 28. А калі супакойваліся, дык спачатку пачыналі рабіць благое перад абліччам Тваім, і Ты аддаваў іх у рукі няпрыяцеляў іхніх, і яны панавалі над імі. Але калі яны зноў заклікалі Цябе, Ты выслухваў іх зь нябёсаў і зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, выбаўляў іх шмат разоў.
- 29. Ты нагадваў ім зьвярнуцца да закона Твайго, але яны ўпарціліся і ня слухалі наказаў Тваіх і ўхіляліся ад пастановаў Тваіх, якімі жыў бы чалавек, калі б выконваў іх і хрыбет свой зрабілі ўпарцістым, і шыю сваю трымалі пругка, і ня слухаліся.
- 30. Чакаючы іхняга навароту, Ты марудзіў шмат гадоў і нагадваў ім Духам Тваім праз прарокаў Тваіх, але яны ня слухалі. І Ты аддаў іх у рукі іншаземных народаў.
- 31. Але Ты зь вялікай міласэрнасьці Тваёй, Ты ня вынішчыў іх да канца і не пакідаў іх, бо Ты Бог добры і літасьцівы.
- 32. І сёньня, Божа наш, Божа вялікі, моцны і страшны, Які захоўвае запавет і міласьць! хай ня будзе малым перад абліччам Тваім уся пакута, якая спасьцігла нас, цароў нашых, князёў нашых, і сьвятароў нашых, і прарокаў нашых, і бацькоў нашых і ўвесь народ Твой ад дзён цароў Асірыйскіх да сёньня.
- 33. Ва ўсім, што спасьцігла нас, Ты праведны, бо Ты рабіў паводле праўды, а мы вінаватыя.
- 34. Цары нашыя, князі нашыя, сьвятары нашыя і бацькі нашыя ня выконвалі закону Твайго, і ня слухалі наказаў Тваіх і напамінаў Тваіх, якімі Ты нагадваў ім.
- 35. І ў царстве сваім пры вялікім дабры Тваім, якое Ты даваў ім, і на прасторнай і тлустай зямлі, якую Ты выдзеліў ім, яны ня служылі Табе і не адварочваліся ад ліхіх дзеяў сваіх.
- 36. І вось, мы цяпер рабы; на той зямлі, якую Ты даў бацькам нашым, каб карміцца яе пладамі і яе дабром, вось, мы рабы.
- 37. І ўтворы свае яна багата прыносіць царам, якім Ты ўпакорыў нас за грахі нашыя. І целамі нашымі і быдлам нашым яны валодаюць, як самі хочуць, і мы ў вялікім уціску.
- 38. Пасьля ўсяго гэтага мы даём цьвёрдае абавязацельства і падпісваем, і на подпісе пячатка князёў нашых, лявітаў нашых і сьвятароў нашых.
Ничего нет для сопоставления.