- 1. Прароцтва пра даліну відзежаў. - Што з табою, што ты ўвесь выйшаў на дахі?
- 2. Горад шумны, расхваляваны, горад поўны вясёлага галасу! Пабітыя твае ня мечам забітыя і ня ў бітве памерлі;
- 3. усе правадыры твае ўцякалі разам, але былі зьвязаныя лучнікамі; усе воіны твае зьвязаны разам, як ні далёка ўцякалі.
- 4. Таму кажу: пакіньце мяне, я паплачу горка; ня сільцеся суцешыць мяне, калі зруйнавана дачка народу майго.
- 5. Бо дзень смуты і патаптаньня і закалоту ў даліне відзежаў ад Госпада Бога Саваофа. Рушаць сьцяну, і крык узыходзіць на горы.
- 6. І Элам нясе калчан; людзі на калясьніцах і верхаўцы, і Кір падымае шчыт.
- 7. І вось, найлепшыя даліны твае напоўніліся калясьніцамі, і верхаўцы вырадаваліся насупраць брамы,
- 8. і здымаюць заслону зь Юдэі; і ты паглядзеў таго дня на запасы зброі ў доме кедровым.
- 9. Але вы бачыце шмат праломінаў у сьцяне горада Давідавага, і зьбіраеце воды ў ніжняй сажалцы;
- 10. і пазначаеце дамы ў Ерусаліме, і разбураеце дамы, каб умацаваць сьцяну;
- 11. і ладзіце паміж дзьвюма сьценамі сховішча на воды старое сажалкі. А на Таго, Хто гэта робіць, не пазіраеце, і не глядзіце на Таго, Хто здаўна вызначыў гэта.
- 12. І Гасподзь, Гасподзь Саваоф, заклікае вас у гэты дзень плакаць і бедаваць, і пастрыгчы валасы і вярэтаю аперазацца.
- 13. Але вось, весялосьць і радасьць! Колюць валоў, і рэжуць авечак; ядуць мяса, і п'юць віно: "будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм!"
- 14. І адкрыў мне ў вушы Гасподзь Саваоф: ня будзе даравана вам гэта бязбожнасьць, пакуль не памраце, сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
- 15. Так сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф: ідзі, ідзі да гэтага царадворца, да Сэўны, начальніка палаца, і скажы яму:
- 16. што ў цябе тут, і хто тут у цябе, што ты тут высякаеш сабе магілу? - Ён высякае сабе магілу на пагорку, вырубае ў скале сабе жытлішча.
- 17. Вось, Гасподзь перакіне цябе, як кідае дужы чалавек, і сьцісьне цябе ў камяк;
- 18. згорне цябе ў сувой і кіне цябе, як меч, у зямлю прасторную; там ты памрэш, і там раскошныя калясьніцы твае будуць агудаю дому гаспадара твайго.
- 19. і саштурхну цябе зь месца твайго, і скіну цябе з прыступкі тваёй.
- 20. І будзе таго дня, паклічу раба Майго Эльякіма, сына Хэлкіінавага,
- 21. і апрану яго ў адзеньне тваё і поясам тваім аперажу яго, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя; і будзе ён бацькам жыхарам Ерусаліма і дому Юдаваму.
- 22. І кліч дома Давідавага пакладу на плечы ягоныя; адчыніць ён, і ніхто не замкне; замкне ён, і ніхто не адчыніць.
- 23. І ўваб'ю яго, нібы цьвік, у цьвёрдае месца; і будзе ён як пасад славы дому бацькі свайго.
- 24. І будзе вісець на ім уся слава дома бацькі ягонага, дзяцей і ўнукаў, усяго хатняга начыньня да апошніх музычных прыладаў.
- 25. У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, расхітаецца цьвік, убіты ў цьвёрдае месца, і будзе выбіты, і ўпадзе, і зьнішчыцца ўвесь цяжар, што на ім: бо Гасподзь кажа.
Ничего нет для сопоставления.