- 1. Вось, Цар будзе цараваць паводле праўды, і князі будуць кіраваць паводле закона;
- 2. і кожны зь іх будзе абаронай ад ветру і покрывам ад непагадзі, як крыніцы вады ў стэпе, як цень ад высокай скалы ў зямлі выснаджанай.
- 3. І вочы відушчых ня будуць заплюшчвацца, і вушы чуйных будуць слухаць.
- 4. І сэрца легкадумных будзе ўмець разважаць; і гаркавыя будуць гаварыць выразна.
- 5. Невука ўжо не называцьмуць шаноўным, і пра падступнага ня скажуць, што ён сумленны.
- 6. Бо невук гаворыць дурное, і сэрца ягонае намышляе беззаконнае, каб рабіць крывадушна і вымаўляць агуду на Госпада, душу галоднага пазбаўляць хлеба і адбіраць пітво ў сасьмяглага.
- 7. У падступнага і ўчынкі згубныя: ён намышляе ліхое, каб загубіць беднага хлусьнёю, хай той бедны і будзе слушны.
- 8. А сумленны і думае пра сумленнае і цьвёрды ва ўсім, што сумленнае.
- 9. Жанчыны неабачлівыя! устаньце, паслухайце голасу майго; дочкі бестурботныя, прыхілеце вушы да маіх слоў!
- 10. Яшчэ некалькі дзён звыш году, і жахнецеся, неабачлівыя! бо ня будзе збору вінаграду, і пара жніва не настане.
- 11. Скаланецеся, бястурботныя! жахнецеся, неабачлівыя! і аперажэце сьцёгны.
- 12. Будуць біць сябе ў грудзі за цудоўныя палі, за вінаградную лазу пладавітую.
- 13. На зямлі народу майго будуць расьці церне і бадзякі, гэтак сама і на ўсіх дамах радасьці ў разьвяселеным горадзе;
- 14. бо харомы будуць пакінутыя; шумны горад будзе пакінуты; Афэл і вежа заўсёды будуць служыць замест пячораў, прытулкам дзікім аслам і напасьвеным статкам,
- 15. пакуль ня выльецца на нас Дух з высяў, і пустыня ня зробіцца садам, а сад ня будуць лічыць лесам.
- 16. Тады суд паселіцца ў гэтай пустыні, і правасудзьдзе будзе жыць на ўрадлівым полі.
- 17. І чынам ісьціны будзе мір, і плодам правасудзьдзя - спакайната і бясьпека вечная.
- 18. Тады народ мой жыцьме ў селішчы міру і ў селішчах бясьпечных і ў пакоях дабрашчасных.
- 19. І град будзе падаць на лес, і горад апусьціцца долу.
- 20. Дабрашчасныя вы, што сееце каля ўсіх водаў і пасылаеце туды вала і асла.
Ничего нет для сопоставления.