- 1. Слова Госпада, якое было Ераміі з нагоды бездажджэўя.
- 2. Плача Юда, брамы ягоныя распаліся, пачарнелі на зямлі, і енк падымаецца ў Ерусаліме.
- 3. Вяльможы пасылаюць слуг сваіх па ваду; яны прыходзяць да калодзежаў і не знаходзяць вады; вяртаюцца з парожнім посудам; прысаромленыя і зьбянтэжаныя, яны пакрываюць свае галовы.
- 4. Як бо глеба патрэскалася ад таго, што ня было дажджу на зямлю, дык і земляробы зьбянтэжаныя і пакрываюць свае галовы.
- 5. Нават і касуля нараджае на полі і пакідае дзяцей, бо няма травы.
- 6. І дзікія аслы стаяць на ўзвышаных мясьцінах і глытаюць, нібы шакалы, паветра; вочы ў іх зацьміліся, бо няма травы.
- 7. Хоць нашыя беззаконьні сьведчаць супроць нас, але Ты, Госпадзе, твары з намі дзеля імя Твайго; адступніцтва наша вялікае, зграшылі мы перад Табою.
- 8. Надзея Ізраіля, Ратаўнік яго ў часы скрухі! Навошта Ты - як чужынец, у гэтай зямлі, як праходжы, які зайшоў заначаваць?
- 9. Навошта Ты - як чалавек зьдзіваваны, як дужы, як той, што ня мае сілы выратаваць? І аднак жа Ты, Госпадзе, сярод нас, і Тваё імя названа над намі; не пакідай нас.
- 10. Так кажа Гасподзь народу гэтаму: за тое, што яны любяць бадзяцца, ня стрымліваюць ног сваіх, за тое Гасподзь не дабраволіць ім, нагадвае сёньня беззаконьні іхнія і карае грахі іхнія.
- 11. І сказаў мне Гасподзь: ты не маліся за народ гэты на дабро яму.
- 12. Калі яны будуць пасьціцца, Я не пачую енку іхняга; і калі ўзьнясуць цэласпаленьне і дарунак, ня прыму іх; але мечам і голадам і згубнаю пошасьцю вынішчу іх.
- 13. Тады скажу я: Госпадзе Божа! вось, прарокі кажуць ім: ня ўбачыце меча, і голаду ня будзе ў вас, а пастаянны мір дам вам на гэтым месцы.
- 14. І сказаў мне Гасподзь: прарокі прарочаць няпраўду імем Маім; Я не пасылаў іх і не даваў ім загаду, і не казаў ім; яны вяшчаюць вам уявы фальшывыя і варажбу, і пустое і мроі сэрца свайго.
- 15. Таму так кажа Гасподзь пра прарокаў: яны прарочаць імем Маім, а Я не пасылаў іх; яны кажуць: "меча і голаду ня будзе на гэтай зямлі": мечам і голадам будуць вынішчаны гэтыя прарокі,
- 16. і народ, якому яны прарочаць, раскіданы будзе па вуліцах Ерусаліма ад голаду і меча, і ня будзе каму хаваць іх, - яны і жонкі іхнія, і сыны іхнія і дочкі іхнія; і Я вылью на іх ліхату іхнюю.
- 17. І скажы ім слова гэтае: хай ліюцца з вачэй маіх сьлёзы ноч і дзень, і хай не прасыхаюць; бо вялікай уразаю ўражана дзева, дачка народа майго, цяжкім ударам.
- 18. Я выходжу на поле, - і вось, пабітыя мечам; уваходжу ў горад, - і вось тыя, што растаюць ад голаду; нават і прарок і сьвятар бадзяюцца па зямлі несьвядома.
- 19. Хіба ты зусім адкінуў Юду? Хіба душы тваёй спрыкраў Сіён? Навошта ўразіў нас так, што няма нам ацаленьня? Чакаем міру - і нічога добрага няма; чакаем часіны ацаленьня - і вось, жахі.
- 20. Усьведамляем, Госпадзе, бязбожнасьць нашую, беззаконства бацькоў нашых; бо зграшылі мы перад Табою.
- 21. Не адкінь нас дзеля імя Твайго; не прыніжай трона славы Тваёй: узгадай, не разбурай запавету Твайго з намі.
- 22. Ці ёсьць сярод марных божышчаў язычніцкіх такія, што твораць дождж? альбо ці можа неба само па сабе падаваць зьліву? ці ня Ты гэта, Госпадзе Божа наш? на Цябе спадзяёмся мы; бо Ты творыш усё гэта.
Ничего нет для сопоставления.