- 1. Слова Гасподняе, якое было Ерамію прароку пра народы язычніцкія:
- 2. пра Егіпет, пра войска фараона Нэхао, цара Егіпецкага, якое было каля ракі Еўфрат і Кархаміс, і якое пабіў Навухаданосар, цар Вавілонскі, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага.
- 3. Рыхтуйце шчыты і дзіды, і ўступайце ў бітву;
- 4. сядлайце коні і сядайце, вершнікі, і станавецеся ў шаломах; мяньцеце дзіды, апранайцеся ў браню.
- 5. Чаму ж, бачу Я, яны зьнясьмеліліся і павярнуліся назад? і дужыя ў іх пабітыя, і бягуць без аглядкі; адусюль жах, кажа Гасподзь.
- 6. Не ўцячэ хуткі на ногі, і не ўратуецца дужы; на поўначы, каля ракі Еўфрат, яны спатыкнуцца і ўпадуць.
- 7. Хто гэта падымаецца, як рака, і як патокі хвалююцца воды яго?
- 8. Егіпет падымаецца, як рака, і, як патокі, захваляваліся воды яго, і кажа: "падымуся і пакрыю зямлю, загублю горад і жыхароў яго".
- 9. Сядайце на коні і імчэце, калясьніцы, і выступайце, дужыя, Эфіопы і Лівійцы, узброеныя шчытом, і Лідыйцы, што трымаеце лукі і напінаеце іх;
- 10. бо дзень гэты ў Госпада Бога Саваофа ёсьць дзень помсты, каб адпомсьціць ворагам Ягоным; і меч будзе пажыраць, і насыціцца і ўп'ецца крывёю іхняю; бо гэта Госпаду Богу Саваофу будзе ахвяраваньне ў зямлі паўночнай, каля ракі Еўфрат.
- 11. Ідзі ў Галаад і вазьмі бальзаму, дзева, дачка Егіпта; дарма ты будзеш памнажаць лекаваньні, няма табе ацаленьня.
- 12. Пачулі народы пра пасаромленьне тваё, і лямант твой напоўніў зямлю; бо дужы сутыкнуўся з дужым, і абодва разам загінулі.
- 13. Слова, якое сказаў Гасподзь прароку Ерамію пра Навухаданосара, цара Вавілонскага, каб разьбіць зямлю Егіпецкую:
- 14. абвясьцеце ў Егіпце і дайце знак у Магдоле, і дайце знаць у Нофе і Тафнісе; скажэце: "спыніся і рыхтуйся, бо меч пажырае навакольлі твае".
- 15. Чаму дужы твой павалены? - ня ўстояў, бо Гасподзь пагнаў яго.
- 16. Ён памножыў тых, што падалі, нават падалі адзін на аднаго, і казалі: "уставай і вернемся да народу нашага ў родную нашу зямлю ад пагібельнага меча",
- 17. А там крычаць: "фараон; цар Егіпта сумеўся; ён прапусьціў умоўлены час".
- 18. Жыву Я, кажа Цар, імя Якога - Гасподзь Саваоф: як Тавор сярод гор і як Карміл каля мора, так пэўна прыйдзе ён.
- 19. Рыхтуй сабе патрэбнае на перасяленьне, дачка - жыхарка Егіпта, бо Ноў будзе спустошаны, застанецца без жыхара.
- 20. Егіпет - цудоўная цялушка; але пагібель ідзе з поўначы, ідзе.
- 21. І найміты яго сярод яго, як укормленыя цяляты, - і самыя павярнулі назад, пабеглі ўсе, ня ўстоялі, бо прыйшоў на іх дзень пагібелі іхняй, час наведваньня іх.
- 22. Голас яго ляціць, як зьмяіны; яны ідуць з войскам, прыйдуць на яго зь сякерамі, як дрывасекі;
- 23. высякуць лес яго, кажа Гасподзь, бо яны нязьлічоныя; іх больш, чым саранчы, і няма ліку ім.
- 24. Пасаромлена дачка Егіпта, перададзена ў рукі народу паўночнаму.
- 25. Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў кажа: вось, Я наведаю Амона, які ў Но, і фараона і Егіпет, і багоў яго і цароў яго, фараона, і тых, што спадзяюцца на яго;
- 26. і перадам іх у рукі шукальнікам душы іхняй і ў рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ў рукі рабам ягоным; але пасьля таго ён будзе населены, як у ранейшыя дні, кажа Гасподзь.
- 27. Ты ж ня бойся, рабе Мой Якаў, і не палохайся, Ізраіле: бо вось, Я выратую цябе з далёкай краіны і насеньне тваё зь зямлі палону іхняга; і вернецца Якаў, і будуць жыць спакойна і мірна, і ніхто ня будзе палохаць яго.
- 28. Ня бойся, рабе Мой Якаў, кажа Гасподзь: бо Я з табою; Я зьнішчу ўсе народы, да Якіх Я выгнаў цябе, а цябе ня вынішчу; а толькі пакараю цябе ў меры; непакараным жа не пакіну цябе.
Ничего нет для сопоставления.