- 1. Кажэце братам вашым: Мой народ, і сёстрам вашым: Памілаваная.
- 2. Судзецеся з вашаю маці, судзецеся; бо яна ня жонка Мая, і Я ня сужэнец яе; хай яна адвядзе блуд ад аблічча свайго і пералюб ад грудзей сваіх,
- 3. каб я не разьдзеў яе дагала і ня выставіў яе, як у дзень нараджэньня яе, не зрабіў яе пустэльняю, не ператварыў яе ў зямлю сухую і ня выснадзіў яе смагаю.
- 4. І дзяцей яе не памілую, бо яны дзеці блуду.
- 5. Бо блудадзейнічала маці іхняя і асарамаціла сябе тая, што зачала іх; бо казала: пайду за палюбоўнікамі маімі, якія даюць мне хлеб і ваду, воўну і лён, алей і пітво.
- 6. За тое вось Я загараджу дарогу яе цернямі і абгараджу яе плотам і яна ня знойдзе сьцежак сваіх,
- 7. і пагоніцца за палюбоўнікамі сваімі, але не здагоніць іх, і будзе шукаць іх, але ня знойдзе і скажа: пайду я і вярнуся да першага мужа майго; бо тады лепей было мне, чым цяпер.
- 8. А ня ведала яна, што Я, Я даваў ёй хлеб і віно і алей і памножыў у яе срэбра і золата, зь якога зрабілі ідала Ваала.
- 9. За тое Я вазьму назад хлеб Мой у ягоны час і віно Маё ў яго пару і адбяру воўну і лён Мой, чым пакрываецца галізна яе.
- 10. І сёньня адкрыю сарамату яе перад вачыма палюбоўнікаў яе, і ніхто ня вырве яе з рукі Маёй.
- 11. І спыню ў яе ўсякую весялосьць, сьвяты яе і навамесяцы яе, і суботы яе і ўсе ўрачыстасьці яе.
- 12. І спустошу вінаградныя лозы яе і смакоўніцы яе, пра якія яна кажа: гэта ў мяне дарункі, якіх надарылі мне палюбоўнікі мае; і Я ператвару іх у лес, і палявыя зьвяры зьядуць іх.
- 13. І пакараю яе за дні служэньня Ваалам, калі яна кадзіла ім і, упрыгожыўшы сябе завушніцамі і пацеркамі, хадзіла за палюбоўнікамі сваімі, а Мяне забывала, кажа Гасподзь.
- 14. Таму вось, і я панаджу яе, прывяду яе ў пустэльню і буду гаварыць у сэрца яе.
- 15. І дам ёй адтуль вінаграднікі яе і даліну Ахор, напярэдадні надзеі; і яна будзе сьпяваць там, як у дні маладосьці сваёй і як у дзень выйсьця свайго зь зямлі Егіпецкай.
- 16. І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, ты будзеш зваць Мяне: муж мой, і ня будзеш больш зваць Мяне: Ваале.
- 17. І адвяду імёны Ваалаў ад вуснаў яе, і ня будуць болей згадвацца імёны іхнія.
- 18. І ўчыню тым часам ім згоду з польнымі зьвярамі і з птушкамі нябеснымі і з паўзунамі наземнымі; і лук, і меч, і вайну вынішчу зь зямлі той, і дам ім жыць у бясьпецы.
- 19. І заручу цябе Мне навек, і заручу цябе Мне ў праўдзе і судзе, у даброці і міласэрнасьці,
- 20. і заручу цябе Мне ў вернасьці, і ты спазнаеш Госпада.
- 21. І будзе ў той дзень, Я пачую, кажа Гасподзь, пачую неба, і яно пачуе зямлю,
- 22. і зямля пачуе хлеб і віно і алей; а гэтыя пачуюць Ізрэель.
- 23. І пасею яе Сабе на зямлі і скажу і памілую Непамілаваную і скажу не Майму народу: ты - Мой народ, а ён скажа: Ты - мой Бог!"
Ничего нет для сопоставления.