- 1. Трубу да вуснаў тваіх! Як арол наляціць на дом Гасподні за тое, што яны парушылі запавет Мой і пераступілі закон Мой!
- 2. Мяне будуць заклікаць: "Божа мой! мы спазналі Цябе, мы - Ізраіль".
- 3. Адкінуў Ізраіль добрае; вораг будзе перасьледаваць яго.
- 4. Пастаўлялі цароў самыя, безь Мяне; ставілі князёў, але без Майго ведаму; з срэбра свайго і золата свайго рабілі сабе ідалаў: адтуль - пагібель.
- 5. Пакінула цябе цяля тваё, Самарыя! запалаў гнеў Мой на іх; дакуль ня могуць яны ачысьціцца?
- 6. Бо і ён - справа Ізраіля. Мастак зрабіў яго, і таму ён - ня бог; у кавалкі ператворыцца цяля Самарыйскае!
- 7. Як што яны сеялі вецер, дык і пажнуць буру: хлеба на корані ня будзе ў яго, зерне ня дасьць мукі, а калі і дасьць, дык чужыя праглынуць яе.
- 8. Праглынуты Ізраіль; цяпер яны будуць сярод народаў як няпрыдатны посуд.
- 9. Яны пайшлі да Асура; як дзікі асёл, адзінокі бадзяга, Яфрэм здабываў добрую прыхільнасьць да сябе.
- 10. Хоць яны і пасылалі дарункі народам, але неўзабаве Я зьбяру іх, і яны пачнуць пакутаваць ад цяжару цара князёў;
- 11. бо шмат ахвярнікаў набудаваў Яфрэм дзеля грэху, - у грэх паслужыліся яму гэтыя ахвярнікі.
- 12. Напісаў Я яму важныя законы Мае, але яны палічаны ім як бы чужыя.
- 13. У ахвярапрынашэньнях Мне яны прыносяць мяса і ядуць яго; Госпаду не да спадобы яны; сёньня Ён згадае бязбожнасьць іхнюю і пакарае іх за грахі іхнія: яны вернуцца ў Егіпет.
- 14. Забыў Ізраіль Садзецеля свайго і зладзіў капішчы, і Юда набудаваў шмат умацаваных гарадоў; але Я пашлю агонь на гарады яго, - і зжарэ харомы ягоныя.
Ничего нет для сопоставления.