- 1. Гора гораду нячыстаму і апаганенаму, прыгнятальніку!
- 2. Ня слухае голасу, ня прымае настаўленьняў, на Госпада не спадзяецца, да Бога свайго не набліжаецца.
- 3. Князі яго сярод яго - рыклівыя ільвы, судзьдзі яго - вечаровыя ваўкі, якія не пакідаюць да раніцы ніводнай косткі.
- 4. Прарокі яго - людзі легкадумныя, вераломныя; сьвятары яго апаганьваюць сьвятыню, топчуць закон.
- 5. Гасподзь праведны пасярод яго, ня чыніць няпраўды, кожнае раніцы яўляе суд свой нязьменна; але беззаконьнік ня ведае сораму.
- 6. Я вынішчыў народы, разбурыў цьвярдыні іхнія; спустошыў вуліцы іхнія, так што ніхто ўжо ня ходзіць па іх; спляжаны гарады іхнія: няма ніводнага чалавека, няма жыхароў.
- 7. Я казаў: "бойся толькі Мяне, прымай настаўленьне"! і ня будзе зьнішчана жытлішча ягонае, і не спасьцігне яго ліха, якое Я пастанавіў яму; а яны рупліва стараліся псаваць усе свае дзеяньні.
- 8. Дык вось, чакайце мяне, кажа Гасподзь, да таго дня, калі Я паўстану дзеля спусташэньня, бо Мною вызначана сабраць народы, склікаць царствы, каб выліць на іх абурэньне Маё; бо агнём палкасьці Маёй зжэрта будзе ўся зямля.
- 9. Тады зноў Я дам народам вусны чыстыя, каб усе заклікалі імя Госпада і служылі Яму аднадушна.
- 10. З пазарэчных краін Эфіопіі прыхільнікі Мае - дзеці расьсеяных Маіх - прынясуць Мне дарункі.
- 11. У той дзень ты ня будзеш сарамаціць сябе рознымі ўчынкамі тваімі, якімі ты грашыў супроць Мяне, бо тады Я выдалю спасярод цябе тых, якія марнаславяцца тваёй знакамітасьцю, і ня будзеш болей упадаць у пыху на сьвятой гары Маёй.
- 12. Але пакіну сярод цябе народ пакорлівы і просты, і яны будуць спадзявацца на імя Гасподняе.
- 13. Рэшта Ізраіля ня будзе рабіць няпраўды, ня будзе гаварыць маны, і ня знойдзецца ў вуснах у іх языка падступнага, бо самыя будуць пасьвіцца і пакоіцца, і ніхто не патрывожыць іх.
- 14. Радуйся, дачка Сіёна! трыюмфуй, Ізраіле! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерусаліма!
- 15. Адмяніў Гасподзь прысуд над табою, прагнаў ворага твайго! Гасподзь, цар Ізраілеў, пасярод цябе: ужо болей ня ўбачыш ліха.
- 16. У той дзень скажуць Ерусаліму: "ня бойся", і Сіёну: "хай жа ня слабнуць рукі твае!
- 17. Гасподзь Бог твой сярод цябе: Ён мае сілу ўратаваць цябе; узьвяселіцца за цябе радасьцю, будзе літасьцівы паводле любові Сваёй, будзе радавацца за цябе зь весялосьцю".
- 18. Наракальнікаў на радасныя сьвяты Я зьбяру; твае яны, на іх цісьне паганьбеньне.
- 19. Вось, Я ўцісну ўсіх уціскальнікаў тваіх у той час і выратую кульгавае, і зьбяру расьсеянае, і прывяду іх у пашану і знакамітасьць на ўсёй гэтай зямлі паганьбеньня іхняга.
- 20. У той час прывяду вас і тады зьбяру вас; бо зраблю вас знакамітымі і ганаровымі сярод усіх народаў зямлі, калі вярну палон ваш перад вачыма вашымі, кажа Гасподзь.
Ничего нет для сопоставления.