- 1. У восьмым месяцы, у другі год Дарыя, было слова Гасподняе Захарыю, сыну Варахіінаваму, сыну Адаваму, прароку:
- 2. угневаўся Гасподзь на бацькоў вашых вялікім гневам,
- 3. і ты скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: павярнецеся да Мяне, кажа Гасподзь Саваоф, і Я павярнуся да вас, кажа Гасподзь Саваоф.
- 4. Ня будзьце такія, як бацькі вашыя, да якіх заклікалі ранейшыя прарокі, кажучы: так кажа Гасподзь Саваоф: адвярнецеся ад ліхіх шляхоў вашых і ад ліхіх дзеяў вашых; але яны ня слухаліся і не ўважалі Мне, кажа Гасподзь.
- 5. Бацькі вашыя - дзе яны? ды і прарокі, ці будуць яны вечна жыць?
- 6. Але словы Мае і вызначэньні Мае, якія наказваў Я рабам Маім прарокам, хіба ж не спасьціглі бацькоў вашых? і яны зьвярталіся і казалі: як вызначыў Гасподзь Саваоф зрабіць з намі паводле нашых шляхоў і паводле нашых дзеяў, так і ўчыніў з намі.
- 7. У дваццаць чацьвёрты дзень адзінаццатага месяца, - гэта месяц Шэват, - у другі год Дарыя, было слова Гасподняе Захарыю, сыну Варахіінаваму, сыну Адаваму, прароку:
- 8. уначы бачыў я ўяву: вось, муж на рыжым кані стаіць паміж міртамі, якія ў паглыбленьні, а за імі коні рыжыя, пярэстыя і белыя,
- 9. і сказаў я: хто яны, спадару мой? І сказаў мне анёл, які гаварыў са мною: я пакажу табе, хто яны.
- 10. І адказваў муж, які стаяў паміж міртамі, і сказаў: гэта тыя, якіх Гасподзь паслаў абысьці зямлю.
- 11. І яны адказвалі анёлу Гасподняму, які стаяў паміж міртамі, і сказалі: абышлі мы зямлю, і вось, уся зямля населеная і спакойная.
- 12. І адказваў анёл Гасподні і сказаў: Госпадзе Ўсеўладца! Дакуль Ты не ўмілажалішся зь Ерусаліма і з гарадоў Юды, на якія Ты гневаешся вось ужо семдзесят гадоў?
- 13. Тады ў адказ анёлу, які гаварыў са мною, мовіў Гасподзь словы добрыя, словы суцешлівыя.
- 14. І сказаў Мне анёл, які гаварыў са мною: абвясьці і скажы: так кажа Гасподзь Саваоф: парупіўся Я за Ерусалім і за Сіён рупнасцю вялікай:
- 15. І вялікім абурэньнем абураюся з народаў, якія жывуць у спакоі; бо калі Я мала ўгневаўся, яны павялічылі ліха.
- 16. таму так кажа Гасподзь: Я зьвяртаюся да Ерусаліма зь мілажалем; у ім пабудуецца дом Мой, кажа Гасподзь Саваоф, і землямерная вяроўка працягнецца па Ерусаліме.
- 17. Яшчэ абвясьці і скажы: так кажа Гасподзь Саваоф: зноў перапаўняюцца гарады Мае дабром, і суцешыць Гасподзь Сіён і зноў выбера Ерусалім.
- 18. І ўзьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось чатыры рагі.
- 19. І сказаў я анёлу, які гаварыў са мною: што гэта? І ён адказаў мне: гэта рогі, якія раскідалі Юду, Ізраіля і Ерусалім.
- 20. Потым паказаў мне Гасподзь чатырох працаўнікоў.
- 21. І сказаў я: што яны ідуць рабіць? Ён сказаў мне так: гэтыя рогі раскідалі Юду, так што ніхто ня можа падняць галавы сваёй: а гэтыя прыйшлі напалохаць іх, зьбіць рогі народаў, якія паднялі рог свой супроць зямлі Юды, каб расьсеяць яе.
Ничего нет для сопоставления.