- 1. Прыйшлі на другі бераг мора, у краіну Гадарынскую.
- 2. І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу сустрэў Яго чалавек, які выйшаў з магілаў, апанаваны нячыстым духам;
- 3. у яго было жытло ў магілах, і ніхто ня мог зьвязаць яго нават ланцугамі;
- 4. бо колькі разоў яго ні кавалі ў ланцугі і путы, але разрываў ланцугі і разьбіваў путы, і ніхто ня меў сілы ўтаймаваць яго;
- 5. заўсёды, уночы і ўдзень, у горах і магілах, крычаў ён і біўся аб каменьне.
- 6. А ўбачыўшы Ісуса здалёк, прыбег і пакланіўся Яму,
- 7. і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне? Ісусе, Сыне Бога Усявышняга! заклінаю Цябе Богам, ня муч мяне!
- 8. Бо Ісус сказаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека.
- 9. І спытаўся ў яго: як тваё імя? І той сказаў у адказ: легіён імя мне, бо нас многа.
- 10. І вельмі прасілі Яго, каб ня высылаў іх прэч з краіны той.
- 11. А пасьвіўся там пад гарою вялікі гурт сьвіней.
- 12. І прасіліся ў Яго ўсе дэманы, кажучы: пашлі нас у сьвіней, каб нам увайсьці ў іх.
- 13. Ісус адразу дазволіў ім. І нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіней; і памкнуўся гурт з урвішча ў мора, а іх было каля дзьвюх тысяч; і патанулі ў моры.
- 14. А сьвінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках. І жыхары выйшлі паглядзець, што сталася.
- 15. Прыходзяць да Ісуса і бачаць, што апантаны, у якім быў легіён, сядзіць і апрануты, і ў здаровым розуме; і спалохаліся.
- 16. А тыя, што бачылі, расказалі ім пра тое, як гэта здарылася з апантаным, і пра сьвіней.
- 17. І пачалі прасіць Яго, каб адышоў ад межаў іхніх.
- 18. І калі Ён увайшоў у лодку, апантаны прасіў Яго, каб быць зь Ім.
- 19. Але Ісус не дазволіў яму, а сказаў: ідзі дамоў да сваіх і раскажы ім, што ўчыніў з табою Гасподзь і як зь цябе ўмілажаліўся.
- 20. І пайшоў і пачаў зьвеставаць у Дзесяцігародзьдзі, што ўчыніў зь ім Ісус. І ўсе дзіваваліся.
- 21. Калі Ісус зноў пераправіўся ў лодцы на другі бераг, сабралася да Яго мноства людзей. Ён быў каля мора.
- 22. І вось, прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, якога звалі Яір, і, убачыўшы Яго, падае ў ногі Яму
- 23. і ўмольна просіць Яго, кажучы: дачка мая пры сьмерці; прыйдзі і ўскладзі на яе рукі, каб яна ачуняла і засталася жывая.
- 24. Ісус пайшоў зь ім. За Ім сьледам ішло мноства людзей, і націскалі на Яго.
- 25. Адна жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў,
- 26. шмат нацярпелася ад многіх лекараў, патраціла ўсё, што было ў яе, і ня зыскала ніякай палёгкі, а самой толькі пагоршала,
- 27. дачуўшыся пра Ісуса, падышла ззаду ў натоўпе і кранулася вопраткі Ягонай;
- 28. бо казала: калі хоць да вопраткі Ягонай дакрануся, дык выздаравею.
- 29. І перастала адразу ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што ачуняла ад хваробы.
- 30. А ў той самы час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што выйшла зь Яго сіла, абярнуўся ў народзе і сказаў: хто крануўся Маёй вопраткі?
- 31. Вучні сказалі Яму: Ты бачыш, што людзі націскаюць на Цябе, і кажаш: "хто крануўся Мяне?".
- 32. Але Ён глядзеў навокал, каб убачыць тую, якая зрабіла гэта.
- 33. Жанчына ў страху і трымценьні, ведаючы, што зь ёю сталася, падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
- 34. А Ён сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі ў міры і будзь здаровая ад хваробы тваёй.
- 35. Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзяць ад начальніка сынагогі і кажуць: дачка твая памерла; чаго яшчэ дакучаеш Настаўніку?
- 36. Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, адразу кажа начальніку сынагогі; ня бойся, толькі веруй.
- 37. І не дазволіў нікому ісьці сьледам за Ім, акрамя як Пятру, Якаву і Яну, брату Якава.
- 38. Прыходзяць у дом начальніка сынагогі і бачаць перапалох, і плачуць і голасам галосяць.
- 39. І ўвайшоўшы, кажа ім: чаго сумеліся і плачаце? дзяўчына не памерла, а сьпіць.
- 40. І сьмяяліся зь Яго. Але Ён, выслаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку і маці дзяўчыны і тых, што былі зь Ім, і ўваходзіць туды, дзе дзяўчына ляжала.
- 41. І ўзяўшы дзяўчыну за руку, кажа ёй: таліфа-кумі, што азначае: "Дзяўчына, табе кажу, устань".
- 42. І дзяўчына адразу ўстала і пачала хадзіць, бо была гадоў дванаццаці. І вялікаму дзіву даліся.
- 43. І Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб ёй далі есьці.
Ничего нет для сопоставления.