- 1. Ісус, поўны Духа Сьвятога, вярнуўся ад Ярдана і паведзены быў Духам у пустыню;
- 2. там сорак дзён Ён быў спакушаны д'яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а як прайшлі яны, напасьледак захацеў есьці.
- 3. І сказаў Яму д'ябал: калі Ты Сын Божы, дык загадай гэтаму каменю зрабіцца хлебам.
- 4. Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што "ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам Божым".
- 5. І ўзьвёўшы Яго на высокую гару, д'ябал паказаў Яму ўсе царствы сусьвету ў імгненьне часу,
- 6. і сказаў Яму д'ябал: табе дам уладу над ўсімі гэтымі царствамі і славу іх, бо яна аддадзена мне, і я, каму хачу, даю яе;
- 7. і вось, калі Ты паклонішся мне, дык усё будзе Тваё.
- 8. Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне, сатана; напісана: "Госпаду Богу пакланяйся і Яму аднаму служы".
- 9. І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў Яго на крыле храма, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;
- 10. бо напісана: "анёлам Сваім накажа пра Цябе захаваць Цябе";
- 11. і: "на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю".
- 12. Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: "не спакушай Госпада Бога Твайго".
- 13. І закончыўшы ўсё спакушэньне, д'ябал адышоў ад Яго да часу.
- 14. І вярнуўся Ісус у сіле духу ў Галілею; і разьнесьліся чуткі пра Яго па ўсёй навакольнай краіне.
- 15. Ён вучыў у сынагогах іхніх, і ўсе Яго ўслаўлялі.
- 16. І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў, па звычаі Сваім, у дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць.
- 17. Яму падалі кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана:
- 18. "Дух Гасподні на Мне; бо Ён памазаў Мяне зьвеставаць убогім і паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне, сьляпым празарэньне, адпусьціць спакутаваных на свабоду,
- 19. абвяшчаць год Гасподняга спрыяньня".
- 20. І загарнуўшы кнігу і аддаўшы слузе, сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі скіраваныя на Яго.
- 21. І Ён пачаў гаварыць да іх: сёньня спраўдзілася пісаньне гэтае, чутае вамі.
- 22. І ўсе засьведчылі Яму гэта, і дзівавалі са словаў мілаты, якія зыходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: ці не Язэпаў гэта сын?
- 23. Ён сказаў ім: вядома, вы скажаце Мне прыказку: лекару! ацалі самога сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капернауме.
- 24. І сказаў: праўду кажу вам: ніякі прарок ня прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне;
- 25. па праўдзе кажу вам: шмат удоваў было ў Ізраілі ў дні Ільлі, калі замкнута было неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па ўсёй зямлі;
- 26. і да ніводнай зь іх ня быў пасланы Ільля, а толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую;
- 27. шмат таксама было пракажоных у Ізраілі за прарока Ялісея, і ніводзін зь іх не ачысьціўся, апрача Нэемана Сірыяніна.
- 28. Пачуўшы гэта, усе ў сынагозе напоўніліся гневам;
- 29. і ўстаўшы, выгналі Яго прэч з горада і павялі на вяршыню гары, на якой горад іхні быў пабудаваны, каб скінуць Яго;
- 30. але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.
- 31. І прыйшоў у Капернаум, горад Галілейскі, і вучыў іх у дні суботнія.
- 32. І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо слова Ягонае было з уладаю.
- 33. Быў у сынагозе чалавек, які меў у сабе духа дэмана нячыстага, і той закрычаў зычным голасам:
- 34. кінь; што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас; ведаю Цябе, Хто Ты, - Сьвяты Божы.
- 35. Ісус загразіў яму, сказаўшы: замоўкні і выйдзі зь яго. І дэман, паваліўшы таго пасярэдзіне сынагогі, выйшаў зь яго, ані не пашкодзіўшы яму.
- 36. І напала на ўсіх жудасьць, і разважалі паміж сабою; што гэта азначае, што Ён з уладаю і сілаю загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць?
- 37. І разьнеслася чутка пра Яго па ўсіх навакольных мясьцінах.
- 38. Выйшаўшы з сынагогі, Ён увайшоў у дом Сымонаў; а Сымонава цешча была апанаваная моцнай гарачкаю; і прасілі Яго за яе.
- 39. Падышоўшы да яе, Ён загразіў гарачцы; і пакінула яе. Яна адразу ўстала і слугавала ім.
- 40. А як заходзіла сонца, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы на кожнага рукі, ацаляў іх.
- 41. Выходзілі таксама і дэманы з многіх з крыкам і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ён забараняў ім расказваць, што яны ведаюць, што Ён Хрыстос.
- 42. А як настаў дзень, Ён выйшаў з дому, пайшоў у пустэльную мясьціну, і людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб ня сыходзіў ад іх.
- 43. Але Ён сказаў ім: і іншым гарадам зьвеставаць Я павінен Царства Божае, бо на тое Я пасланы.
- 44. І прапаведаваў у сынагогах Галілейскіх.
Ничего нет для сопоставления.