- 1. Сталася, што калі Ён у адным месцы маліўся, і перастаў, адзін вучань ягоны сказаў Яму: Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх.
- 2. Ён сказаў ім: калі моліцеся, кажэце: "Войча наш, Які існы ў нябёсах! хай сьвяціцца імя Тваё; хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая і на зямлі,
- 3. як на небе; хлеб наш надзённы давай нам на кожны дзень;
- 4. і даруй нам грахі нашыя, як і мы даруем кожнаму вінаватаму перад намі; і не дапусьці нас у спакусу, але ратуй нас ад ліхога".
- 5. І сказаў ім: уявім, што нехта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: дружа, пазыч мне тры хлябы,
- 6. бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і ў мяне няма чаго даць яму;
- 7. а той зь сярэдзіны скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне, дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на пасьцелі са мною; не магу ўстаць і даць табе.
- 8. Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму па прыязьні зь ім, дык па неадступнасьці ягонай, устаўшы, дасьць яму, колькі просіць.
- 9. І Я кажу вам: прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
- 10. бо кожны просьбіт атрымлівае, і шукальнік знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.
- 11. Які з вас бацька, калі сын папросіць у яго хлеба, падасьць яму камень? альбо калі папросіць рыбы, падасьць яму зьмяю, замест рыбы?
- 12. альбо, калі папросіць яйка, падасьць яму скарпіёна?
- 13. Дык вось, калі вы, ліхія, умееце даньні добрыя даваць дзецям вашым, тым болей Айцец Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, хто просіць у Яго.
- 14. Аднаго разу выгнаў Ён дэмана, які быў нямы; і калі дэман выйшаў, нямы загаварыў; і людзі зьдзівіліся.
- 15. А некаторыя зь іх казалі: Ён выганяў дэманаў сілаю вэльзэвула, князя дэманскага.
- 16. А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго азнакі зь неба.
- 17. Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее, і дом, які разьдзяліўся сам у сабе, зруйнуецца.
- 18. А калі і сатана разьдзеліцца сам у сабе, дык як устоіць царства ягонае? а вы кажаце, што я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў.
- 19. І калі Я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў, дык сыны вашыя чыёй сілаю выганяюць іх? А таму яны будуць вам за судзьдзяў.
- 20. А калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, дык напэўна ж дасягнула да вас Царства Божае.
- 21. Калі дужы са зброяй ахоўвае свой дом, тады ў бясьпецы ягоная маёмасьць;
- 22. а калі дужэйшы за яго нападае на яго і пераможа яго, тады возьме ўсю зброю ягоную, на якую ён спадзяваўся, і падзеліць захопленае ў яго.
- 23. Хто не са Мною, той супроць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
- 24. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык ходзіць па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў.
- 25. І прыйшоўшы, застае яго падмеценым і прыбраным;
- 26. тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае.
- 27. Калі ж Ён казаў гэта, адна жанчына, узвысіўшы голас зь людзей, сказала Яму: дабрашчаснае ўлоньне, якое насіла Цябе, і саскі, якія Цябе кармілі!
- 28. А Ён сказаў: дабрашчасныя тыя, што слухаюць слова Божае і трымаюцца яго.
- 29. А калі люд пачаў сыходзіцца ў мностве, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі; ён шукае азнакі, і азнака не даецца яму, апрача азнакі Ёны прарока;
- 30. бо, як Ёна быў азнакай Нінэвіцянам, так будзе Сын Чалавечы роду гэтаму.
- 31. Царыца Поўдня паўстане на суд з мужамі роду гэтага і асудзіць іх, бо яна прыходзіла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай; і вось тут больш за Саламона.
- 32. Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз прапаведаваньне Ёнавае, і вось, тут больш за Ёну.
- 33. Ніхто, запаліўшы сьвечку, ня ставіць яе ў патайным месцы, ні пад пасудзінаю, а на сьвечніку, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло.
- 34. Сьветач целу ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе сьветлае; а калі яно будзе благое, дык і цела тваё будзе цёмнае.
- 35. Дык вось, глядзі: сьвятло, якое ў табе, ці ня ёсьць цемра?
- 36. А калі цела тваё ўсё сьветлае і ня мае ніводнай цямноціны, дык будзе сьветла ўсё так, як бы калі сьветач асьвятляў цябе зьзяньнем.
- 37. Калі Ён сказаў гэта, адзін фарысэй запрасіў Яго да сябе абедаць; Ён прыйшоў і ўзьлёг.
- 38. А фарысэй зьдзівіўся, убачыўшы, што Ён ня ўмыў рук перад абедам.
- 39. Але Гасподзь сказаў яму: вось вы, фарысэі, зьнешнасьць чары і місы ачышчаеце, а нутрына вашая поўная пахапнасьці і злахітрасьці.
- 40. Неразумныя! ці ж ня Той, Хто стварыў зьнешняе, старыў і ўнутранае?
- 41. Падавайце лепей міласьціну з таго, што ў вас ёсьць: тады ўсё будзе ў вас чыстае.
- 42. але гора вам, фарысэям, што даяце дзесяціну зь мяты, руты і ўсякай гародніны, і ня дбаеце пра суд і любасьць Божую: гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
- 43. Гора вам, фарысэям, што любіце ў сынагогах сядзець наперадзе і вітаньні на плошчах.
- 44. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы - як магілы схаваныя, над якімі людзі ходзяць і ня ведаюць таго.
- 45. На гэта нехта з законьнікаў сказаў Яму: Настаўнік! кажучы гэта, Ты нас крыўдзіш.
- 46. Але Ён сказаў: і вам, законьнікам, гора, што ўскладваеце на людзей ёрмы непасільныя, а самыя і адным пальцам не кранаеце іх.
- 47. Гора вам, што будуеце могільнікі прарокам, якіх забілі бацькі вашыя:
- 48. гэтым самым вы сьведчыце пра дзеі бацькоў вашых і згаджаецеся зь імі; бо яны забілі прарокаў, а вы будуеце ім помнікі.
- 49. Таму і мудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і зь іх адных заб'юць, а другіх прагоняць;
- 50. хай спагоніцца з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету,
- 51. ад крыві Авеля да крыві Захара, забітага паміж ахвярнікам і храмам. Праўда, кажу вам, спагоніцца з роду гэтага.
- 52. Гора вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуменьня: самыя не ўвайшлі і ўваходзіць перашкодзілі.
- 53. Калі Ён казаў ім гэта, кніжнікі і фарысэі пачалі заўзята падступацца да яго, вымагаючы ў Яго адказаў на многае,
- 54. цікуючы за Ім і стараючыся падлавіць што-небудзь з вуснаў Ягоных, каб зьвінаваціць Яго.
Ничего нет для сопоставления.