- 1. Пётр, апостал Ісуса Хрыста, прышэльцам, расьсеяным у Поньце, Галятыі, Кападокіі, Асіі і Віфініі, выбраным
- 2. паводле веданьня Бога Айца, пры асьвячэньні ад Духа, на паслушэнства і акрапленьне Крывёю Ісуса Хрыста: мілата вам і мір хай памножацца!
- 3. Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што зь вялікай Сваёй міласьці адрадзіў нас праз уваскрэсеньне Ісуса Хрыста зь мёртвых да жывое надзеі,
- 4. да спадчыны нятленнай, чыстай, неўвядальнай, захаванай на нябёсах вам,
- 5. сілаю Божаю празь веру ахаваным на ратаваньне, якое гатова адкрыцца ў апошні час.
- 6. З гэтага радуйцеся, пасмуткаваўшы цяпер крыху, калі трэба, ад розных спакусаў,
- 7. каб выпрабаваная вера вашая сталася каштоўнейшаю за пагібельнае, хоць і вагнём прабаванае золата, на пахвалу і гонар і славу пры зьяўленьні Ісуса Хрыста,
- 8. Якога, ня бачыўшы, любіце, і Якога, дагэтуль ня бачачы, але веруючы ў Яго, прымаеце з радасьцю нявымоўнаю і слаўнаю,
- 9. дасягаючы нарэшце вераю вашаю выратаваньня душ;
- 10. якраз гэтага выратаваньня датычыліся вышукі і дасьледаваньні прарокаў, якія прадказвалі вызначаную вам мілату,
- 11. дасьледуючы, на каторы і на які час паказваў існы ў іх Дух Хрыста, калі Ён прадвяшчаў Хрыстовыя цярпеньні і славу, якая прыйдзе пасьля іх;
- 12. ім адкрыта было, што ня ім самім, а нам служыла тое, што цяпер абвешчана вам празь зьвеставальнікаў Духам Сьвятым, пасланым зь нябёсаў, у што хочуць пранікнуць анёлы.
- 13. Таму, (любасныя), аперазаўшы сьцёгны розуму вашага, чуваючы, майце поўную надзею на падаваную вам мілату ў зьяўленьні Ісуса Хрыста.
- 14. Як паслухмяныя дзеці, ня кіруйцеся ранейшымі пажаданьнямі, якія былі ў няведаньні вашым,
- 15. а на прыклад Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятыя ва ўсіх учынках;
- 16. бо напісана: "будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты".
- 17. І калі вы называеце Айцом Таго, Які бяз увагі на асобы судзіць кожнага паводле дзеяў, дык са страхам праводзьце час вандраваньня вашага,
- 18. ведаючы, што ня прахлым срэбрам ці золатам выкуплены вы з марнага жыцьця, перададзенага вам ад бацькоў,
- 19. а каштоўнай Крывёю Хрыста, як беспахібнага і чыстага Ягняці,
- 20. Які наканаваны быў яшчэ да стварэньня сьвету, але зьявіўся ў апошні час вам,
- 21. якія ўверавалі празь Яго ў Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых і даў Яму славу, каб вы мелі веру і надзею на Бога.
- 22. Паслушэнствам ісьціне праз Духа ачысьціўшы душы вашыя да некрывадушнага браталюбства, няспынна любеце адно аднаго ад чыстага сэрца,
- 23. як адроджаныя ня з тленнага насеньня, а ад нятленнага, ад слова Божага, жывога і нязбытнага давеку.
- 24. Бо ўсякая плоць - быццам трава, і ўсякая слава людзкая - быццам квет на траве, засохла трава - квет ейны апаў;
- 25. а слова Гасподняе вечна жыве. А гэта ёсьць тое слова, якое вам абвешчана.
Ничего нет для сопоставления.