- 1. Не хачу пакідаць вас, браты, каб ня ведалі вы і пра дары духоўныя.
- 2. Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, дык хадзілі да безгалосых ідалаў - так, быццам вялі вас.
- 3. Таму маўляю вам, што ніхто, гаворачы ў Духу Божым, ня вымавіць анафэмы на Ісуса, і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі ў Духу Сьвятым.
- 4. Дары ёсьць розныя, а Дух адзін і той самы;
- 5. і служэньні розныя, а Гасподзь адзін і той самы;
- 6. і дзеяньні розныя, а Бог адзін і той самы, Які дзее ўсё ва ўсіх.
- 7. Але кожнаму даецца выяўленьне Духа на карысьць:
- 8. аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому слова веданьня, тым самым Духам;
- 9. іншаму вера, тым самым Духам; іншаму дар ацаленьня, тым самым Духам;
- 10. іншаму цудадзействы, іншаму прароцтва, іншаму распазнаньне духаў, іншаму розныя мовы, іншаму тлумачэньне моваў.
- 11. А ўсё гэта дзее адзін і той самы Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Яму заўгодна.
- 12. Бо, як цела адно, але мае многа чэлесаў, і ўсе чэлесы аднаго цела, хоць іх многа, складаюць адно цела, - так і Хрыстос.
- 13. Бо ўсе мы адным Духам хрысьціліся ў адно цела, Юдэі альбо Эліны, рабы альбо вольнікі, і ўсе напоены адным Духам.
- 14. А цела не з аднаго чэлеса, а з многіх.
- 15. Калі нага кажа: я не належу да цела, бо я ня рука, дык няўжо яна таму не належыць да цела?
- 16. І калі вуха скажа: я не належу да цела, бо я ня вока, дык няўжо яно таму не належыць да цела?
- 17. Калі ўсё цела - вока, дык дзе слых? Калі ўсё - слых, дык дзе нюх?
- 18. Бог разьмеркаваў чэлесы, кожнаму ў целе, як Яму было заўгодна.
- 19. А калі б усе былі адным чэлесам, дык дзе было б цела?
- 20. А цяпер чэлесаў многа, а цела адно.
- 21. Ня можа вока сказаць руцэ: ты мне не патрэбная; альбо ж таксама галава нагам: вы мне не патрэбныя.
- 22. Наадварот, чэлесы цела, якія здаюцца слабейшымі, намнога больш патрэбныя,
- 23. і якія нам здаюцца меней высакароднымі ў целе, іх мы якраз і атачаем найбольшым дбаньнем;
- 24. і няпрыстойныя нашыя чэлесы патрабуюць асаблівага ўпрыстойваньня, а прыстойныя нашыя чэлесы ня маюць патрэбы ў гэтым. Але Бог так суразьмерыў цела, што менш дасканаламу чэлесу наказаў большае дбаньне,
- 25. каб ня было падзелу ў целе, а ўсе чэлесы аднолькава рупіліся адзін пра аднаго.
- 26. Таму, калі пакутуе адзін чэлес, пакутуюць разам зь ім усе чэлесы; славіцца адзін чэлес, зь ім радуюцца ўсе чэлесы.
- 27. І вы - цела Хрыстовае, а паасобку - чэлесы.
- 28. І адных Бог паставіў у Царкве, па-першае, апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэйцяе, настаўнікамі; далей адным даў сілу цудадзейную, таксама дары ацаленьня, дапамогі, кіраваньня, розныя мовы.
- 29. Ці ўсе апосталы? ці ўсе прарокі? ці ўсе настаўнікі? ці ўсе цудадзеі?
- 30. ці ўсе маюць дар ацаленьня? ці ўсе гавораць мовамі? ці ўсе тлумачаць?
- 31. Дбайце пра дары большыя, і я пакажу вам шлях яшчэ лепшы.
Ничего нет для сопоставления.