- 1. А мы, як памочнікі ў працы, просім вас, каб мілата Божая ня марна была прынята вамі.
- 2. Бо сказана: "у часіну спрыяльную пачуў Я цябе, і ў дзень выратаваньня дапамог табе". Вось цяпер часіна спрыяльная, вось, цяпер дзень выратаваньня.
- 3. Мы нікому ні ў чым не даём спатыкацца, каб не выстаўляць на глум служэньне,
- 4. а ва ўсім выяўляем сябе, як слуг Божых, у вялікай цярплівасьці, у бедах, у гаротах, ва ўцісках,
- 5. пад ударамі, у вязьніцах, у выгнаньнях, на працы, у чуваньнях, у пастах,
- 6. у чысьціні, у добрай разумнасьці, у вялікадушнасьці, у даброці, у Духу Сьвятым, у шчырай любові,
- 7. у слове ісьціны, у моцы Божай, са зброяю праўды ў правай і ў левай руцэ,
- 8. у славе і няславе, пры ганьбе і хвале: нас лічаць ашуканцамі, але мы верныя;
- 9. мы невядомыя, але нас пазнаюць; нас лічаць нябожчыкамі, але вось, мы жывыя; мы карѓныя, але мы не паміраем;
- 10. нас засмучаюць, а мы заўсёды радуемся; мы гаротнікі, але многіх багацім; мы нічога ня маем, але ўсім валодаем.
- 11. Вусны нашыя адкрытыя вам, Карынфяне, сэрца нашае расшырана.
- 12. Вам ня цесна ў нас; а ў сэрцах вашых цесна.
- 13. Такою ж роўнаю мераю - кажу вам, як дзецям, - зрабеце і вашае сэрца шырокім!
- 14. Ня ўгінайцеся пад чужое ярмо зь нявернымі. Бо што супольнага ў праведнасьці зь беззаконьнем? што супольнага ў сьвятла зь цемраю?
- 15. Якая згода паміж Хрыстом і Вэліярам? Альбо якая саўдзельнасьць у верніка зь няверным?
- 16. Якая агульнасьць храма Божага зь ідаламі? Бо вы храм Бога Жывога, як сказаў Бог: "усялюся ў іх і буду хадзіць у іх; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам".
- 17. І таму выйдзіце зь іхнага асяродзьдзя і аддзялецеся, - кажа Гасподзь, - і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас
- 18. і буду вам за Айца, і вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Гасподзь Усеўладны".
Ничего нет для сопоставления.