- 1. О, калі б вы хоць крыху ўмілажаліліся з маёй неразумнасьці! Але вы і мілажальныя да мяне.
- 2. Бо я руплюся за вас руплівасьцю Божаю, таму што я заручыў вас з адзіным мужам, каб зьявіць Хрысту чыстаю дзевай.
- 3. Але баючыся, каб, як зьмей хітрасьцю сваёй змусьціў Еву, так і вашыя думкі каб не панесьлі шкоды і вы ня збочылі ад прастаты і чысьціні ў Хрысьце.
- 4. Бо, калі б хто прыйшоў і пачаў прапаведаваць другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, альбо калі б атрымалі іншага Духа, якога не атрымалі, альбо іншае Дабравесьце, якога ня прымалі, - дык вы былі б вельмі мілажальныя да таго.
- 5. Але я думаю, што я ні ў чым не адстаў ад тых "вышэйшых апосталаў":
- 6. хоць я і невук у слове, але не ў спазнаньні. Урэшце, мы ва ўсім дасканала вядомыя вам.
- 7. Ці зграшыў я тым, што прыніжаў сябе, каб узвысіць вас: бо без узнагароды вам прапаведаваў Дабравесьце Божае?
- 8. Другім цэрквам я нарабіў выдаткаў, бяручы зь іх утрыманьне на служэньне вам; і, калі быў у вас, хоць і трываў нястачу, нікому не дакучаў,
- 9. бо нястачы мае пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі; ды і ва ўсім я стараўся і пастараюся ня быць вам цяжарам.
- 10. Па праўдзе Хрыстовай ува мне скажу, што пахвала гэтая не адымецца ў мяне ў землях Ахаіі.
- 11. Чаму ж так раблю? Ці таму, што ня люблю вас? Богу вядома! Але як раблю, так і буду рабіць,
- 12. каб ня даць прычыны тым, якія шукаюць поваду, каб яны, чым хваляцца, у тым аказаліся такімі самымі, як і мы.
- 13. Бо такія ілжэапосталы, падступныя работнікі, што ўдаюць зь сябе апосталаў Хрыстовых.
- 14. І якое тут дзіва: бо сам сатана строіць зь сябе анёла сьвятла,
- 15. а таму не вялікая справа, калі і слугі ягоныя ўдаюць зь сябе слуг праведнасьці; але канец іхні будзе паводле дзеяў іхніх.
- 16. Яшчэ скажу: хай не палічыць хто-небудзь мяне неразумным; а калі ня так, дык прымеце мяне, хоць якога неразумнага, каб і мне хоць крыху пахваліцца.
- 17. Што скажу, тое скажу ня ў Госпадзе, а як бы ва ўтрапёнасьці, якая дадае мне адвагі хваліцца.
- 18. Як многія хваляцца з прычыны цялеснай, так і я буду хваліцца.
- 19. Бо вы, людзі разумныя, ахвоча церпіце неразумных,
- 20. вы церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто аб'ядае, калі хто абірае, калі хто вас за нікчэмнасьць мае, калі хто б'е вас па твары.
- 21. На сорам кажу, што на гэта ў нас неставала сілы; а калі хто мае адвагу хваліцца чым-небудзь, дык скажу зь неразуменьня, набяруся адвагі і я.
- 22. Яны Габрэі? і я. Ізраільцяне? і я. Насеньне Абрагамавае? і я.
- 23. Хрыстовыя слугі? у неразуменьні кажу: я больш. Я намнога больш быў у працы, бязьмерна больш у ранах, больш у цямніцах і шмат разоў пры сьмерці.
- 24. Ад Юдэяў пяць разоў далі мне былі па сорак удараў без аднаго.
- 25. тройчы мяне білі палкамі, аднойчы камянямі пабівалі, тры разы я цярпеў караблекрушэньне, ноч і дзень прабыў у бездані марской;
- 26. шмат разоў быў у падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад адзінапляменцаў, у небясьпеках ад язычнікаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках сярод фальшывых братоў,
- 27. у працы і ў зьнемажэньні, часта ў недасыпаньні, у голадзе і смазе, часта ў посьце, на сьцюжы і ў галечы.
- 28. Акрамя згаданых прыгодаў, у мяне штодзень зборы людзей, клопат за ўсе цэрквы.
- 29. Хто зьнемагае, з кім бы і я не зьнемагаў? Хто ўпадае ў змусты, за каго б я не ўспалымняўся?
- 30. Калі мусова мне хваліцца, дык буду хваліцца нямогласьцю маёю.
- 31. Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, дабраславёны навекі, ведае, што я не маню.
- 32. У Дамаску абласны правіцель цара Арэты пільнаваў горад Дамаск, каб схапіць мяне; і я ў кашы быў спушчаны з вакна па сьцяне і пазьбег ягоных рук.
Ничего нет для сопоставления.