- 1. Павал і Цімафей, рабы Ісуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, што жывуць у Піліпах, зь япіскапамі і дыяканамі:
- 2. мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
- 3. Дзякую Богу майму кожны раз, як згадваю вас,
- 4. заўсёды ў кожнай малітве маёй за ўсіх вас з радасьцю молячыся,
- 5. за ваш удзел у зьвеставаньні зь першага дня аж да сёньня,
- 6. упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую дзею, будзе завяршаць яе да дня Ісуса Хрыста,
- 7. як і трэба мне думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы ў кайданах маіх, і ў абароне і ў сьцьверджаньні зьвеставаньня, вас усіх, як супольнікаў маіх у мілаце.
- 8. Бог - сьведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Ісуса Хрыста;
- 9. і малюся за тое, каб любоў ваша яшчэ больш узрастала ў спазнаньні і ўсякім досьведзе,
- 10. каб, спазнаючы лепшае, вы былі чыстыя і неспатыкнёныя ў дзень Хрыста,
- 11. поўныя пладоў праведнасьці празь Ісуса Хрыста, на славу і хвалу Божую.
- 12. Жадаю, браты, каб вы ведалі, што акалічнасьці мае паслужылі на большы посьпех зьвеставаньня,
- 13. так што кайданы мае за Хрыста зрабіліся вядомыя ўсёй праторыі і ўсім астатнім,
- 14. і большая частка братоў у Госпадзе, пасьмялеўшы праз кайданы мае, пачалі з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае.
- 15. Некаторыя, праўда, з зайздрасьці альбо зь перакорлівасьці, а іншыя з добрай прыхільнасьці прапаведуюць Хрыста:
- 16. адны зь перакорлівасьці прапаведуюць Хрыста ня чыста, думаючы пабольшыць цяжар кайданоў маіх;
- 17. а другія - зь любові, ведаючы, што я пастаўлены бараніць зьвеставаньне.
- 18. Але што да таго? Як бы ні прапаведавалі Хрыста, ці дзеля блізіру, а ці шчыра, я і таму радуюся і буду радавацца,
- 19. бо ведаю, што гэта паслужыць мне на збавеньне дзякуючы вашай малітве і садзеяньню Духа Ісуса Хрыста,
- 20. пры пэўнасьці і надзеі маёй, што я ні ў чым пасаромлены ня буду, а пры поўнай адвазе, і сёньня, як і заўсёды, праславіцца Хрыстос у целе маім, хай тое жыцьцём, хай сьмерцю.
- 21. Бо для мяне жыцьцё - Хрыстос, і сьмерць - набытак.
- 22. А калі жыцьцё ў плоці дае плод маёй дзеі, дык ня ведаю, што выбраць.
- 23. Вабіць мяне і тое і другое: хочацца і разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта непараўнальна лепей;
- 24. а заставацца ў плоці больш патрэбна вам:
- 25. і я пэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці ў веры,
- 26. каб хвала ваша ў Хрысьце Ісусе памножылася празь мяне, пры маім другім да вас прыходзе.
- 27. Толькі жывеце годнасна зьвеставаньня Хрыстовага, каб мне, калі я прыйду і пабачу вас, альбо калі ня прыйду, чуць пра вас, што стаіце вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Дабравесьця.
- 28. і не баіцеся ні ў чым праціўнікаў; гэта ім ёсьць знак пагібелі, а вам - выратаваньня. І гэта ад Бога;
- 29. бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць за Яго.
- 30. Такім самым подзьвігам, які вы бачылі ўва мне і сёньня чуеце пра мяне.
Ничего нет для сопоставления.