- 1. У астатнім, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам пра гэта самае мне ня цяжка, а вам карысна.
- 2. Пільнуйцеся ад сабак, пільнуйцеся ад ліхіх дзеячаў, пільнуйцеся ад абразаньня;
- 3. бо абразаньне - мы, калі служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і не на плоць спадзяёмся;
- 4. хоць я магу спадзявацца і на плоць. Калі хто іншы думае пакласьціся на плоць, дык тым болей я,
- 5. абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраілевага, калена Веньямінавага, Габрэй ад Габрэяў, паводле закона - фарысэй,
- 6. а ў руплівасьці - ганіцель царквы Божай, па праўдзе закона - беззаганны.
- 7. Але што мне было перавагаю, тое дзеля Хрыста я палічыў марнасьцю.
- 8. Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся, і ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста,
- 9. і знайсьці сябе ў Ім не з маёю праведнасьцю, якая ад закона, а з тою, якая празь веру ў Хрыста, з праведнасьцю ад Бога па веры;
- 10. каб спазнаць Яго, і сілу ўваскрэсеньня Ягонага, і мець удзел у пакутах Ягоных, прыпадобніцца да Яго ў сьмерці,
- 11. каб дасягнуць уваскрэсеньня зь мёртвых.
- 12. Ня тое, каб я ўжо дасягнуў мэты, альбо ўдасканаліўся; але прагну, а ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Ісус.
- 13. Браты, я ня лічу, што я ўжо дасягнуў; а толькі, забываючы тое, што ўжо за мною, і сягаючы наперад,
- 14. імкнуся да мэты, да гонару вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Ісусе.
- 15. І вось, хто з нас дасканалы, так і мусіць думаць; калі ж вы пра што іначай думаеце, дык і гэта Бог вам прасьветліць.
- 16. Тым часам, чаго б мы ні дасягнулі, так і павінны мысьліць і паводле таго правіла жыць.
- 17. Пераймайце, браты, мяне і дзівецеся на тых, якія робяць згодна з прыкладам, які маеце ў нас.
- 18. Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са сьлязьмі кажу, робяць, як ворагі крыжа Хрыстовага;
- 19. іхні канец - пагібель, іхні бог - чэрава, і слава іхняя - у ганьбе: яны думаюць пра зямное.
- 20. А нашае жыцьцё - на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Госпада нашага Ісуса Хрыста,
- 21. Які нашае паганьбёнае цела пераўтворыць так, што яно прыпадобніцца праслаўленаму Целу Ягонаму, станецца сілаю, якою Ён дзейнічае і ўпакорвае Сабе ўсё.
Ничего нет для сопоставления.