- 1. За гэтым, браты, просім і молім вас Ісусам Хрыстом, каб вы, прыняўшы ад нас, як трэба вам паводзіцца і дагаджаць Богу, у гэтым яшчэ большы посьпех займелі,
- 2. бо вы ведаеце, якія мы далі вам запаведзі ад Госпада Ісуса.
- 3. Бо воля Божая ёсьць асьвячэньне вашае, каб вы ўстрымліваліся ад распусты;
- 4. каб кожны з вас умеў захоўваць свой сасуд у сьвятасьці і гонары,
- 5. а не ў запале пахацінства, як язычнікі, што ня ведаюць Бога;
- 6. каб вы ні ў чым не паводзіліся з братам сваім супрацьзаконна і карысьліва: бо Гасподзь - мсьцівец за ўсё гэта, як і раней мы казалі вам і сьведчылі.
- 7. Бо паклікаў нас Бог не да нячысьціні, а да сьвятасьці.
- 8. А таму непакорлівы ёсьць непакорны не чалавеку, а Богу, Які і даў нам Духа Свайго Сьвятога.
- 9. Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адно аднаго,
- 10. бо вы так і робіце з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Молім вас, браты, яшчэ болей старацца
- 11. і рупліва дбаць пра тое, каб жыць ціхмяна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам;
- 12. каб вы паводзіліся прыстойна перад чужымі і ні ў чым патрэбы ня мелі.
- 13. Не хачу, браты, пакінуць вас у няведаньні пра памерлых, каб вы не маркоціліся, як іншыя, што ня маюць надзеі.
- 14. Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрэс, дык і памерлых у Ісусе Бог прывядзе зь Ім.
- 15. Бо гэта кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, што засталіся да прышэсьця Гасподняга, не папярэдзім памерлых;
- 16. бо Сам Гасподзь пры абвяшчэньні, пры голасе арханёла і трубе Божай, сыдзе зь неба, і мёртвыя ў Хрысьце ўваскрэснуць раней;
- 17. потым мы, хто застанецца жывы, разам зь імі ўзятыя будзем на воблакі на сустрэчу з Госпадам у паветры, і так вечна з Госпадам будзем.
- 18. Дык вось, суцяшайце адно аднаго гэтымі словамі.
Ничего нет для сопоставления.