- 1. Пасьля гэтага я пачуў на небе гучны голас як бы вялікага мноства людзей, які гаварыў: алілуія! збавеньне і слава, і гонар і сіла Госпаду нашаму,
- 2. бо праўдзівыя і справядлівыя суды Ягоныя! бо Ён асудзіў тую вялікую любадзейку, якая разбэсьціла зямлю любадзействам сваім, і зыскаў за кроў рабоў Сваіх ад рукі яе.
- 3. І другі раз сказалі: алілуія! І дым ад яе паўставаў на векі вечныя!
- 4. Тады дваццаць чатыры старцы і чатыры жывыя істоты ўпалі і пакланіліся Богу, Які на троне сядзіць, кажучы: амін, алілуія!
- 5. І голас з трона зышоў, кажучы: хвалеце Бога нашага, усе рабы Ягоныя і хто баіцца Яго, малыя і вялікія!
- 6. І чуў я нібы голас вялікага мноства людзей, нібы шум водаў многіх, нібы голас грымотаў моцных, якія казалі: алілуія! бо заваладарыў Гасподзь Бог Усеўладны.
- 7. Парадуймася і ўсьцешмася і ўзьнясёмце Яму славу; бо настала вясельле Ягняці, і жонка Ягоная падрыхтавала сябе.
- 8. І дадзена было ёй апрануцца ў вісон чысты і сьветлы; а вісон ёсьць праведнасьць сьвятых.
- 9. І сказаў мне анёл: напішы: дабрашчасьнікі - пакліканыя на вясельную вячэру Ягняці. І сказаў мне: гэта - сапраўдныя словы Божыя.
- 10. Я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму: але ён сказаў мне: глядзі, не рабі гэтага; я саслужнік табе і братам тваім, якія маюць сьведчаньне Ісусава; Богу пакланіся, бо сьведчаньне Ісусава ёсьць дух прароцтва.
- 11. І ўгледзеў я адчыненае неба, і вось конь белы, і верхавец ягоны называецца Верны і Праўдзівы, Які праведна судзіць і ваюе.
- 12. Вочы ў Яго як полымя вогненнае, і на галаве ў Яго многа дыядэмаў; Ён меў імя напісанае, якога ніхто ня ведаў, акрамя Яго Самога;
- 13. Ён быў апрануты ў адзеньне акрываўленае. Імя Яму: Слова Божае.
- 14. І войскі нябесныя ішлі сьледам за Ім на конях белых, апранутыя ў вісон белы і чысты.
- 15. А з вуснаў Ягоных выходзіць востры меч, каб ім пасякаць народы. Ён пас іх жазлом жалезным; Ён топча чавільню віна лютасьці і гневу Бога ‹сеўладнага.
- 16. На адзеньні і на сьцягне ў Яго напісана імя: Цар цароў і Гасподзь тых, што валадарыць.
- 17. І ўгледзеў я аднаго анёла, які стаяў на сонцы; і ён усклікнуў гучным голасам, кажучы ўсім птушкам, што лёталі пасярэдзіне неба: ляцеце, зьбірайцеся на вялікую вячэру Божую,
- 18. каб пажэрці трупы цароў, трупы моцных, трупы тысячнікаў, трупы коней і верхаўцоў, трупы ўсіх вольнікаў і рабоў, і малых і вялікіх.
- 19. І ўгледзеў я зьвера і цароў зямных і войскі іхнія, сабраныя, каб змагацца зь Верхаўцом і з войскам Ягоным.
- 20. І схоплены быў зьвер і зь ім ілжэпрарок, што чыніў дзівосы перад ім, якімі ён зьвёў тых, што прынялі кляймо зьвера і пакланяліся ягонай выяве: абодва жыўцом укінуты ў возера вогненнае, што гарэла серкай,
- 21. а астатнія забітыя мечам Верхаўцовым, што выходзіў з вуснаў Ягоных; і ўсе птушкі накарміліся іхнімі трупамі.
Ничего нет для сопоставления.