- 1. І ўгледзеў я новае неба і новую зямлю; бо ранейшае неба і ранейшая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
- 2. І я, Ян, угледзеў сьвяты горад Ерусалім, новы, які сыходзіў ад Бога зь неба, падрыхтаваны як нявеста, убраная для мужа свайго.
- 3. І пачуў я гучны голас зь неба, які казаў: вось, скінія Бога зь людзьмі, і Ён будзе жыць зь імі; яны будуць Ягоным народам, і Сам Бог зь імі будзе Богам іхнім,
- 4. і ўтрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх, і сьмерці ня будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе; бо ранейшае прайшло.
- 5. І сказаў Той, Хто сядзеў на троне: вось твару ўсё новае. І кажа мне: напішы; бо словы гэтыя праўдзівыя і слушныя.
- 6. І сказаў мне: збылося! Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец; сасьмягламу дам задарма з крыніцы вады жывое;
- 7. Пераможца спадкуе ўсё, і буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам;
- 8. А баязьлівым і няверным, і паганым і забойцам, і любаблуднікам і чарадзеям, і ідаласлужнікам і ўсім ашуканцам - іхняя доля ў возеры, якое гарыць вагнём і серкаю; гэта - сьмерць другая.
- 9. І прыйшоў да мяне адзін зь сямі анёлаў, у якіх было сем чараў, напоўненых сямю апошнімі пошасьцямі, і сказаў мне: ідзі, я пакажу табе жонку, нявесту Ягняці.
- 10. І ўзьнёс мяне ў духу на вялікую і высокую гару і паказаў мне вялікі горад, сьвяты Ерусалім, які сыходзіў зь неба ад Бога:
- 11. ён мае славу Божую; сьветласьць ягоная падобная да каштоўнага каменя, як бы да каменя ясьпісу крышталёвага;
- 12. ён мае вялікую і высокую сьцяну, мае дванаццаць брамаў і на іх дванаццаць анёлаў, на брамах напісаны імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраілевых:
- 13. з усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з поўдня тры брамы, з захаду тры брамы;
- 14. мур горада мае дванаццаць падмуркаў, і на іх імёны дванаццаці апосталаў Ягняці.
- 15. Той, што са мной гаварыў, меў залатую трысьціну для вымярэньня горада і брамаў ягоных і муроў ягоных.
- 16. А горад разьмешчаны чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая самая, як і шырыня. І абмерыў ён горад трысьцінай на дванаццаць тысяч стадыяў; даўжыня і шырыня і вышыня ягоныя роўныя.
- 17. І мур ягоны абмерыў у сто сорак чатыры локці, мераю чалавечаю, якая мера і анёлава.
- 18. Мур ягоны складзены зь ясьпісу, а горад быў чыстае золата, падобны чыстаму шклу.
- 19. Падмуркі гарадзкога мура ўпрыгожаны ўсялякімі каштоўнымі камянямі: падмурак першы - ясьпіс, другі - сапфір, трэйці - халкідон, чацьвёрты - смарагд,
- 20. пяты - сарданікс, шосты - сардыс, сёмы - хрызаліт, восьмы - берыл, дзявяты - тапаз, дзясяты - хрызапраз, адзінаццаты - якінт, дванаццаты - амэтыст.
- 21. А дванаццаць брамаў - дванаццаць перлаў: кожная брама была з адной пярліны. Вуліцы горада - чыстае золата, як празрыстае шкло.
- 22. А храма я ня бачыў у ім, бо Гасподзь Бог Усеўладны - храм Ягоны, і Ягняці.
- 23. І горад ня мае патрэбы ні ў сонцы, ні ў месяцы на асьвятленьне сваё; бо слава Божая асьвятліла яго, і сьветач ягоны - Ягня.
- 24. Выратаваныя народы будуць хадзіць у сьвятле ягоным, і цары зямныя прынясуць у яго славу і гонар свой.
- 25. Брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.
- 26. І прынясуць у яго славу і гонар народаў;
- 27. і ня ўвойдзе ў яго нічога нячыстага, і ніхто, аддадзены погані і хлусьні, а толькі тыя, якія запісаны ў кнізе жыцьця.
Ничего нет для сопоставления.