- 1. І засьпяваў Давід песьню Госпаду ў дзень, калі Гасподзь выбавіў яго ад рукі ўсіх ворагаў і ад рукі Саўла, і сказаў:
- 2. Гасподзь - цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой.
- 3. Бог мой - скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне!
- 4. Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся.
- 5. Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне;
- 6. ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.
- 7. Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго.
- 8. Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь.
- 9. Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго.
- 10. Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго;
- 11. і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру;
- 12. і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных;
- 13. ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае.
- 14. Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Ўсявышні даў голас Свой;
- 15. пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх.
- 16. І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго.
- 17. Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх;
- 18. выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне.
- 19. Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мне
- 20. і вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне.
- 21. Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне.
- 22. Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім,
- 23. бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў,
- 24. і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне.
- 25. І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго.
- 26. З мілажальным Ты - мілажальны, з чалавекам шчырым - шчыры,
- 27. з чыстым - чысты, а з хітрым - па хітрасьці ягонай.
- 28. Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых.
- 29. Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю.
- 30. З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну.
- 31. Бог! - беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго.
- 32. Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага?
- 33. Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях;
- 34. робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне;
- 35. вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук.
- 36. Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.
- 37. Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае.
- 38. Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх;
- 39. і зьнішчаю іх і б'ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае.
- 40. Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне;
- 41. Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх.
- 42. Яны клічуць, але няма выратавальніка, - да Госпада, але Ён ня слухае іх.
- 43. Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх.
- 44. Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне.
- 45. Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне.
- 46. Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх.
- 47. Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго,
- 48. Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы
- 49. і выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне.
- 50. За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму,
- 51. велікадушна ратуючы цара Свайго і творыць міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > 2-я Царстваў > Глава 22