Глава 18

  • 1. Як прайшло шмат дзён было слова Гасподняе Ільлю ў трэці год: ідзі і пакажыся Ахаву, і Я дам дождж на зямлю.
  • 2. І пайшоў Ільля паказацца Ахаву. А голад вялікі быў у Самарыі.
  • 3. І паклікаў Ахаў Аўдзія, які начальнічаў над палацам. А Аўдзій быў чалавек вельмі богабаязны,
  • 4. і калі Езавэль зьнішчала прарокаў Гасподніх, Аўдзій узяў сто прарокаў і хаваў іх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою.
  • 5. І сказаў Ахаў Аўдзію: ідзі па зямлі да ўсіх крыніц водных і да ўсіх патокаў на зямлі, ці ня знойдзем дзе-небудзь травы, каб нам пракарміць коней і ня страціць быдла.
  • 6. І падзялілі яны паміж сабою зямлю, каб абысьці яе: Ахаў асобна пайшоў адною дарогай, і Аўдзій асобна пайшоў другою дарогай.
  • 7. Калі Аўдзій ішоў дарогаю, вось, насустрач яму ідзе Ільля. Ён пазнаў яго і ўпаў на аблічча сваё і сказаў: ці ты гэта, спадару мой Ільля?
  • 8. Той сказаў яму: я, ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.
  • 9. Ён сказаў: чым я правініўся, што ты перадаеш раба твайго ў рукі Ахаву, каб забіць мяне?
  • 10. Жывы Гасподзь Бог твой! няма ніводнага народу і царства, куды б ня пасылаў гаспадар мой шукаць цябе; і калі яму казалі, што цябе няма, ён браў клятву з таго, царства і народу, што не маглі знайсьці цябе;
  • 11. а ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.
  • 12. Калі я пайду ад цябе, тады Дух Гасподні аднясе цябе, ня ведаю, куды; і калі я пайду паведаміць Ахаву, і ён ня знойдзе цябе, дык ён заб'е мяне; а раб твой богабаязны з маладосьці сваёй.
  • 13. Хіба ня сказана гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езавэль забівала прарокаў Гасподніх, як я хаваў сто чалавек прарокаў Гасподніх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою?
  • 14. А ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут; ён заб'е мяне.
  • 15. І сказаў Ільля: жывы Гасподзь Саваоф, прад Якім я стаю! сёньня я пакажуся яму.
  • 16. І пайшоў Аўдзій насустрач Ахаву і данёс яму. І пайшоў Ахаў насустрач Ільлю.
  • 17. Калі Ахаў убачыў Ільлю, дык сказаў Ахаў яму: ці ты гэта, хто бянтэжыць Ізраіля?
  • 18. І сказаў Ільля: ня я бянтэжу Ізраіля, а ты і дом бацькі твайго, тым, што вы пагардзілі загадамі Гасподнімі і ідзяце сьледам за Вааламі;
  • 19. цяпер пашлі і зьбяры да мяне ўсяго Ізраіля на гару Карміл, і чатырыста пяцьдзясят прарокаў Ваалавых, і чатырыста - прарокаў дуброўных, якія кормяцца ад стала Езавэлі.
  • 20. І паслаў Ахаў да ўсіх сыноў Ізраілевых і сабраў усіх на гару Карміл.
  • 21. І падышоў Ільля да ўсяго народу і сказаў: ці доўга вам кульгаць на абодва калены? Калі Гасподзь ёсьць Бог, дык ідзеце сьледам за Ім; калі Ваал, дык ідзеце сьледам за ім. І не адказваў народ яму ні слова.
  • 22. І сказаў Ільля народу: я адзін застаўся прарок Гасподні, а прарокаў Ваалавых чатырыста пяцьдзясят чалавек;
  • 23. хай дадуць нам двух цялят, і хай яны выберуць сабе адно цяля, і расьсякуць яго, і пакладуць на дровы, але агню хай не падкладваюць; а я падрыхтую другое цяля і пакладу на дровы, а агню не падкладу;
  • 24. і паклічце вы імя бога вашага, а я паклічу імя Госпада Бога майго. Той Бог, Які дасьць адказ праз агонь, ёсьць Бог. І адказваў увесь народ і сказаў: добра.
  • 25. І сказаў Ільля прарокам Ваалавым: выберце сабе адно цяля і падрыхтуйце вы раней, бо вас многа; і паклічце імя бога вашага, але агню не падкладвайце.
  • 26. І ўзялі яны цяля, якое было дадзена ім, і прыгатавалі, і клікалі імя Ваала з раніцы да полудня, кажучы: Ваале, пачуй нас! Але ня было ні голасу, ні адказу. І скакалі яны каля ахвярніка, які зрабілі.
  • 27. Аполудні Ільля пачаў сьмяяцца зь іх і казаў: крычэце гучным голасам, бо ён бог; магчыма, ён задумаўся, альбо заняты чым-небудзь, альбо ў дарозе, а можа, і сьпіць, дык ён прачнецца!
  • 28. І пачалі яны крычаць гучным голасам і калолі сябе як звычайна нажамі і дзідамі, так што кроў лілася па іх.
  • 29. Прайшоў полудзень, а яны ўсё яшчэ шалелі да самага часу вечаровага ахвярапрынашэньня; але ня было ні голасу, ні адказу, ні почуту.
  • 30. Тады Ільля сказаў усяму народу: хадземце да мяне. І падышоў увесь народ да яго. Ён аднавіў разбураны ахвярнік Гасподні.
  • 31. І ўзяў Ільля дванаццаць камянёў, па колькасьці каленаў сыноў Якава, якому Гасподзь сказаў так: Ізраіль будзе імя тваё.
  • 32. І пабудаваў з гэтых камянёў ахвярнік у імя Госпада, і зрабіў вакол ахвярніка роў, ёмістасьцю ў дзьве саты зерня,
  • 33. і паклаў дровы, і расьсек цяля, і паклаў яго на дровы,
  • 34. і сказаў: напоўніце чатыры вядры вады і вылівайце на ўсепальную ахвяру і на дровы. Потым сказаў: паўтарэце. І яны паўтарылі. І сказаў: зрабеце тое самае трэці раз. І зрабілі трэці раз,
  • 35. і вада палілася вакол ахвярніка, і роў напоўніўся вадою.
  • 36. У час ахвярапрынашэньня вечаровай ахвяры падышоў Ільля прарок - і сказаў: Госпадзе Божа Абрагамаў, Ісакаў і Ізраілеў! Хай спазнаюць у гэты дзень, што Ты адзін Бог у Ізраілі, і што я раб Твой і зрабіў усё паводле слова Твайго.
  • 37. Пачуй мяне, Госпадзе, пачуй мяне! Хай спазнае народ гэты, што Ты, Госпадзе, Бог, і Ты павернеш сэрца іхняе да Цябе.
  • 38. І апаў агонь Гасподні і зжэр цэласпаленьне і дровы, і камяні і пыл, і паглынуў ваду, якая ў рове.
  • 39. Убачыўшы гэта, увесь народ упаў на аблічча сваё і сказаў: Гасподзь ёсьць Бог, Гасподзь ёсьць Бог!
  • 40. І сказаў ім Ільля: схапеце прарокаў Ваалавых, каб ніводзін зь іх не схаваўся. І схапілі іх, і завёў іх Ільля да патока Кісона і закалоў іх там.
  • 41. І сказаў Ільля Ахаву: ідзі, еж і пі, бо чуцен шум дажджу.
  • 42. І пайшоў Ахаў есьці і піць, а Ільля ўзышоў на верх Карміла і нахіліўся да зямлі, і паклаў аблічча сваё паміж каленяў сваіх,
  • 43. і сказаў хлопчыку свайму: ідзі, паглядзі да мора. Той пайшоў і паглядзеў, і сказаў: рабі гэта далей да сямі разоў.
  • 44. На сёмы раз той сказаў: вось, невялікае воблака падымаецца ад мора, велічынёю ў далоню чалавечую. Ён сказаў: ідзі, скажы Ахаву: запрагай і едзь, каб не застаў цябе дождж.
  • 45. Між тым неба спахмурнела ад хмар і ад ветру, і пайшоў вялікі дождж. А Ахаў сеў у калясьніцу, і паехаў у Ізрэель.
  • 46. І была на Ільлі рука Гасподняя. Ён аперазаў сьцёгны свае і бег перад Ахавам да самага Ізрэеля.