- 1. І сказаў Елісей: выслухайце слова Гасподняе: так кажа Гасподзь: заўтра гэтым часам мера лепшай мукі будзе па сіклі, дзьве меры ячменю па сіклі, каля брамы Самарыі.
- 2. І адказваў саноўнік, на руку якога апіраўся цар, чалавеку Божаму, і сказаў: калі б Гасподзь і адчыніў вокны на небе, дык і тады ці можа гэта быць? І сказаў той: вось убачыш сваімі вачыма, але есьці гэтага ня будзеш.
- 3. Чатыры чалавекі пракажоныя былі каля ўваходу ў браму і казалі яны адзін аднаму: што нам сядзець тут, чакаючы сьмерці?
- 4. Калі рашымся мы пайсьці ў горад, дык у горадзе голад, і мы там памром, а калі сядзець тут, дык таксама памром. Хадзем лепей у табар Сірыйскі: калі пакінуць нас жывых, будзем жыць, а калі заб'юць, памром.
- 5. І ўсталі на досьвітку, каб ісьці ў табар Сірыйскі. І прыйшлі да краю табара Сірыйскага, і вось, няма там ніводнага чалавека.
- 6. Гасподзь зрабіў так, што табару Сірыйскаму пачуўся стукат калясьніц і ржаньне коней, шум войска вялікага. І сказалі яны адзін аднаму: мусіць, наняў супроць нас цар Ізраільскі цароў Хэтэйскіх і Егіпецкіх, каб пайсьці на нас.
- 7. І ўсталі і пабеглі на досьвітку, і пакінулі намёты свае, і коней сваіх, і аслоў сваіх, увесь табар, як ён быў, і пабеглі, ратуючыся.
- 8. І прыйшлі тыя пракажоныя да краю табара, і ўвайшлі ў адзін намёт, і елі і пілі, узялі адтуль срэбра, і золата і вопратку, і пайшлі і схавалі. Пайшлі яшчэ ў іншы намёт, і там узялі, і пайшлі і схавалі.
- 9. І сказалі адзін аднаму: ня так мы робім. Дзень гэты - дзень радаснай весткі, калі мы замарудзім і будзем чакаць ранішняга сьвятла, дык упадзе на нас віна. Хадземце ж і паведамім дому царскаму.
- 10. І прыйшлі, і паклікалі брамнікаў гарадскіх, і расказалі ім, кажучы: мы хадзілі ў табар Сірыйскі, і вось, няма там ніводнага чалавека, ні голасу чалавечага, а толькі коні прывязаныя, і аслы прывязаныя, і намёты, як якія яны ёсьць.
- 11. І паклікалі брамнікаў, і яны перадалі вестку ў сам палац царскі.
- 12. І ўстаў цар уначы, і сказаў слугам сваім: скажу вам, што робяць з намі Сірыйцы. Яны ведаюць, што мы церпім голад, і выйшлі з табара, каб схавацца ў полі, думаючы так: калі яны выйдуць з горада, мы захопім іх жывых і ўворвемся ў горад.
- 13. І адказваў адзін, што слугаваў пры ім, і сказаў: хай возьмуць пяць з астатніх коней, што засталіся ў горадзе і пашлем, і пабачым.
- 14. І ўзялі дзьве пары коней, запрэжаных у калясьніцы. І паслаў цар сьледам Сірыйскаму войску, сказаўшы: ідзеце, паглядзеце.
- 15. І ехалі за ім да Ярдана, і вось уся дарога ўсланая вопраткай і рэчамі, якія пакідалі Сірыйцы пры пасьпешлівых уцёках сваіх. І вярнуліся пасланцы, і данесьлі цару.
- 16. І выйшаў народ, і разрабаваў табар Сірыйскі, і была мера лепшай мукі па сіклі, паводле слова Гасподняга.
- 17. І цар паставіў таго саноўніка, на руку якога абапіраўся, каля брамы; і растаптаў яго народ у браме, і ён памёр, як сказаў чалавек Божы, які гаварыў, калі прыходзіў да яго цар.
- 18. Калі чалавек Божы гаварыў так цару: дзьве меры ячменю па сіклі, і мера лепшай мукі па сіклі будуць заўтра гэтым часам каля брамы Самарыі,
- 19. тады адказваў гэты саноўнік чалавеку Божаму і сказаў: калі б Гасподзь і адчыніў вокны на небе, дык і тады ці можа такое быць? А ён сказаў: убачыш на свае вочы, але есьці гэтага ня будзеш.
- 20. Так і збылося зь ім: і затаптаў яго народ у браме, і ён памёр.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > 4-я Царстваў > Глава 7