- 1. І прыйшоў цар з Аманам на гасьціну да Эстэры царыцы.
- 2. І сказаў цар Эстэры таксама і ў гэты другі дзень у час гасьціны: якое жаданьне тваё, царыца Эстэр? яно будзе задаволена; і якая просьба твая? хоць бы да паўцарства, яна будзе выканана.
- 3. І адказвала царыца Эстэр і сказала: калі я знайшла добрую прыхільнасьць у вачах тваіх, цар, і калі цару заўгодна, дык хай будуць дараваны мне жыцьцё маё, паводле жаданьня майго, і народ мой, па просьбе маёй!
- 4. Бо прададзены мы, я і народ мой, на вынішчэньне, забіцьцё і пагібель. Калі б мы прададзены былі ў рабы і рабыні, я маўчала б, хоць вораг не адшкадаваў бы ўшчэрбу цара.
- 5. І адказваў цар Артаксэркс і сказаў царыцы Эстэры: хто гэта такі, і дзе той, які адважыцца ў сэрцы сваім зрабіць так.
- 6. І сказала Эстэр: вораг і няпрыяцель - гэты ліхі Аман! І Аман затрымцеў перад царом і царыцаю.
- 7. І стаў цар у гневе сваім з гасьціны і пайшоў у сад пры палацы; а Аман застаўся ўмольваць за жыцьцё сваё царыцу Эстэр, бо бачыў, што вызначана яму ліхая доля ад цара.
- 8. Калі цар вярнуўся з саду пры палацы ў дом гасьціны, Аман быў прыпалы да ложка, на якім была Эстэр. І сказаў цар: нават і гвалціць царыцу хоча ў доме ў мяне! Слова выйшла з вуснаў цара, - і накрылі твар Аману.
- 9. І сказаў Харбона, адзін зь еўнухаў пры цары: вось дрэва, якое падрыхтаваў Аман Мардахэю, які гаварыў добрае цару, стаіць каля дома Амана, вышынёю ў пяцьдзясят локцяў. І сказаў цар: павесьце яго на ім.
- 10. І павесілі Амана на дрэве, якое ён падрыхтаваў Мардахэю. І гнеў цара аціх.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Эстэр > Глава 7