- 1. Гора гораду крыві! увесь ён поўны падману і забойства; ня спыняецца ў ім рабунак.
- 2. Чутно, як ляскае біч і стукаюць, круцяцца колы, іржэ конь і грукоча на скаку калясьніца.
- 3. Імчыцца коньніца, бліскае меч і блішчаць дзіды; забітых мноства і груды трупаў: няма канца трупам, спатыкаюцца аб трупы іх.
- 4. Гэта - за многія блудадзействы распусьніцы прыемнай зьнешнасьці, спрактыкаванай у чарадзействе, якая блудадзействамі сваімі прадае народы і чарадзействамі сваімі - плямёны.
- 5. Вось Я - на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І падыму на аблічча тваё краі вопраткі тваёй, і пакажу народам галізну тваю і царствам сарамату тваю.
- 6. І закідаю цябе мярзотамі, зраблю цябе пагарджанаю і выстаўлю цябе на паглум.
- 7. І будзе тое, што ўсякі, убачыўшы цябе, пабяжыць ад цябе і скажа: "спустошана Нінэвія! Хто пашкадуе яе? дзе знайду я суцешнікаў табе?"
- 8. Хіба ты лепшы за Но-Амона, які ляжыць паміж рэкамі, акружаны вадою, валам якога было мора, і мора служыла сьцяною яму?
- 9. Эфіопія і Егіпет зь безьлічным мноствам іншых служылі яму падмацаваньнем; Копты і Лівійцы прыходзілі на дапамогу табе.
- 10. Але і ён пераселены, пайшоў у палон; нават немаўляты яго перабітыя на скрыжаваньнях усіх вуліц, а на знакамітых яго кідалі жэрабя, і ўсе вяльможы яго скаваны ланцугамі.
- 11. Так і ты - сп'янееш і зьнікнеш; так і ты будзеш шукаць абароны ад няпрыяцеля.
- 12. Усе ўмацаваньні твае падобныя на смакоўніцу са сьпелымі пладамі: калі страсянуць іх, дык яны ўпадуць проста ў рот таму, хто хоча есьці.
- 13. Вось, і народ твой - як жанчыны ў цябе: ворагам тваім разнасьцежацца брамы зямлі тваёй, агонь зжарэ замкі твае.
- 14. Начэрпай вады на час аблогі; мацуй крэпасьці твае; ідзі ў бруд, тапчы гліну, папраў печ для абпалу цэглы.
- 15. Там зжарэ цябе агонь, пасячэ цябе меч, паесьць цябе, як вусень, хоць бы ты і памножыўся, як вусень, памножыўся, як саранча.
- 16. Купцоў у цябе стала больш, чым зорак на небе; але гэтая саранча расьсеецца і паляціць.
- 17. Князі твае - як саранча, і ваеначальнікі твае - як раі мошак, якія ў час холаду гняздуюцца ў шчылінах сьцен, і калі ўстане сонца, дык разьлятаюцца, - і не пазнаеш месца, дзе яны былі.
- 18. Сьпяць пастары твае, цар Асірыйскі, пакояцца вяльможы твае; народ твой расьсеяўся па горах, і няма каму сабраць яго.
- 19. Няма лекаваньня ране тваёй, хваравітая пошасьць твая. Усе, хто пачуў вестку пра цябе, будуць пляскаць у далоні за цябе, бо на каго не пашыралася бесьперастанку злосьць твая?
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Навум > Глава 3