Глава 6

  • 1. І зноў узьвёў я вочы мае, і бачу: вось, чатыры калясьніцы выходзяць зь цясьніны паміж дзьвюма горамі; і горы тыя былі - горы медныя.
  • 2. У першай калясьніцы коні рыжыя, а ў другой калясьніцы коні вараныя;
  • 3. у трэцяй калясьніцы коні белыя, а ў чацьвёртай калясьніцы коні пярэстыя, дужыя.
  • 4. І пачаўшы прамову, я сказаў анёлу, які гаварыў са мною: што гэта, спадару мой?
  • 5. І адказваў анёл і сказаў мне: гэта выходзяць чатыры духі нябесныя, якія стаяць перад Госпадам усёй зямлі.
  • 6. Вараныя коні выходзяць там да краіны паўночнай; і белыя ідуць за імі, а пярэстыя ідуць да краіны паўднёвай.
  • 7. І дужыя выйшлі і памкнуліся ісьці, каб прайсьці зямлю; і ён сказаў: ідзеце, прайдзеце зямлю, - і яны прайшлі зямлю.
  • 8. Тады паклікаў ён мяне і сказаў мне так: глядзі, тыя, што выйшлі ў краіну паўночную, супакоілі дух Мой на зямлі паўночнай.
  • 9. І было слова Гасподняе да мяне:
  • 10. вазьмі ў тых, што прыйшлі з палону, у Хэлдая, у Товія і ў Едая, і ідзі ў той самы дзень, пайдзі ў дом Ісаі, сына Сафаніевага, куды яны прыйшлі з Вавілона,
  • 11. вазьмі ў іх срэбра і золата і зрабі вянкі, і ўскладзі на галаву Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, іярэю вялікаму,
  • 12. і скажы яму: так кажа Гасподзь Саваоф: вось Муж, - імя яму ПАРАСТАК, Ён вырасьце са свайго кораня і створыць храм Гасподні.
  • 13. Ён створыць храм Гасподні і прыме славу, і сядзе і будзе валадарнічаць на троне Сваім; будзе і сьвятаром на троне Сваім, і рада міру будзе паміж тым і другім.
  • 14. А вянкі тыя будуць Хэлему і Товію, Едаю і Хэну, сыну Сафаніеваму, на памяць у храме Гасподнім.
  • 15. І здалёку прыйдуць і прымуць удзел у пабудове храма Гасподняга, і вы ўведаеце, што Гасподзь Саваоф паслаў мяне да вас, і гэта будзе, калі вы дбайна будзеце слухацца голасу Госпада Бога вашага.