- 1. Дык вось, адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякае падступства і крывадушнасьць і зайздрасьць і ўсякае ліхаслоўе,
- 2. быццам толькі што народжаныя немаўляты, палюбеце чыстае малако слова, каб ад яго ўзрасьлі вы дзеля выратаваньня;
- 3. бо вы паспыталі, які Гасподзь добры.
- 4. Прыступаючы да Яго, каменя жывога, людзьмі адкінутага, але Богам выбранага, каштоўнага,
- 5. і самі, як жывыя камяні, будуйце зь сябе дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, любасныя Богу празь Ісуса Хрыста.
- 6. Бо сказана ў Пісаньні: "вось, я кладу ў Сыёне камень кутні выбраны, каштоўны; і хто веруе ў Яго, не пасаромеецца".
- 7. Дык вось Ён вам, вернікам, - каштоўнасьць, а тым, хто ня веруе, "камень, які адкінулі будаўнікі, але які зрабіўся галавою вугла", "камень спатыканьня і камень спакусы",
- 8. на якім яны спатыкаюцца, не ўпакорваючыся слову, дзеля чаго яны і пакінуты.
- 9. Але вы - род выбраны, царскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі набытыя, каб абвяшчаць дасканаласьць Таго, Хто выклікаў вас зь цемры ў цудоўнае Сваё сьвятло;
- 10. колісь не народ, а сёньня народ Божы; колісь непамілаваныя, а сёньня памілаваныя.
- 11. Любасныя, прашу вас! як прышэльцаў і вандроўнікаў, пазьбягаць цялесных пахацінстваў, што паўстаюць супроць душы,
- 12. і жыць дабрадзейна сярод язычнікаў, каб яны за тое, за што клянуць вас, як ліхадзеяў, пабачыўшы добрыя дзеі вашыя, уславілі Бога ў дзень адведзінаў.
- 13. Дык вось, упакорвайцеся ўсякаму людзкому начальству, дзеля Госпада: хай тое цару, як найвышэйшай уладзе,
- 14. хай тое намесьнікам, як ад яго пасыланым на пакараньне злачынцаў і на заахвочваньне дабрачынцаў, -
- 15. бо такая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, замыкалі вусны невуцтву неразумных людзей, -
- 16. як вольныя, а ня як тыя, што карыстаюцца воляю, каб прыхаваць зло, а як рабы Божыя.
- 17. Усіх шануйце, братэрства любеце, Бога бойцеся, цара паважайце.
- 18. Слугі, - з поўным страхам скарайцеся гаспадарам, ня толькі добрым і лагодным, але і суровым.
- 19. Бо гэта спадобнае Богу, калі хто па сумленьні перад Богам, церпіць нягоды, пакутуючы несправядліва.
- 20. Бо якая хвала, што вы церпіце, калі вас б'юць за правіны? А калі, робячы дабро і пакутуючы, церпіце, гэта даспадобы Богу,
- 21. Бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі сьлядамі Ягонымі:
- 22. "Ня ўчыніў Ён ніякага грэху, і ня было падступства ў вуснах Ягоных";
- 23. і калі Яго ліхасловілі, Ён не ліхасловіў наўзаем: пакутуючы, не пагражаў; а аддаваў гэта Судзьдзі Справядліваму;
- 24. Ён грахі нашыя Сам узьнёс Целам Сваім на дрэва, каб мы, адцураўшыся грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Ягонымі вы ацаліліся.
- 25. Бо вы былі як авечкі заблуджаныя без пастуха; але вярнуліся сёньня да Пастыра і Ахавальніка душ вашых.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > 1-е Пятра > Глава 2