- 1. І вось, калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, дык шукайце вышыняў, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;
- 2. пра вышыннае думайце, а не пра зямное.
- 3. Бо вы памерлі, і жыцьцё ваша схавана з Хрыстом у Богу;
- 4. калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тады і вы зьявіцеся зь Ім у славе.
- 5. Дык жа ўмярцьвеце зямныя чэлесы вашыя: распусту, нечысьць, юр, ліхую хцівасьць і любазьдзірства, якое ёсьць ідаласлужэньне,
- 6. за якія гнеў Божы ідзе на сыноў супраціву,
- 7. у якіх і вы колісь блукалі, калі жылі сярод іх.
- 8. А зараз вы адкладзеце ўсё: гнеў, лютасьць, злосьць, ліхаслоўе, кляцьбу з вуснаў вашых;
- 9. ня хлусеце адно аднаму, бо вы распранулі зь сябе старога чалавека зь дзеямі ягонымі
- 10. і, апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобраза Стваральніка ягонага,
- 11. дзе няма ні Эліна, ні Юдэя, ні абразаньня, ні неабразаньня, варвара, Скіфа, раба, вольніка, а ўсё і ўва ўсім - Хрыстос.
- 12. Дык апранецеся, як выбранцы Божыя, сьвятыя і ўлюбёнцы, у міласэрнасьць, даброць, мудрую пакору, лагоднасьць, доўгую цярплівасьць,
- 13. паблажаючы адно аднаму і даруючы ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду: як Хрыстос дараваў вам, так і вы.
- 14. а найболей апранецеся ў любоў, якая ёсьць сукупнасьць дасканаласьці;
- 15. і няхай валадарыць у сэрцах вашых мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; і будзьце прыязныя.
- 16. Слова Хрыстовае хай усяляецца ў вас шчодра, з усякаю мудрасьцю; вучэце і настаўляйце на розум адзін аднаго псальмамі, славаслоўем і духоўнымі песьнямі, у мілаце апяваючы ў сэрцах вашых Госпада.
- 17. І ўсё, што вы робіце словам ці ўчынкам, усё рабеце ў імя Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы празь Яго Богу і Айцу.
- 18. Жонкі, упакорвайцеся мужам сваім, як прыстойна гэта ў Госпадзе.
- 19. Мужы, кахайце сваіх жонак і ня будзьце зь імі суровыя.
- 20. Дзеці, слухайцеся бацькоў вашых ва ўсім, бо гэта даспадобы Госпаду.
- 21. Бацькі, не дакучайце дзецям вашым, каб яны не падалі духам.
- 22. Рабы, ва ўсім упакорвайцеся гаспадарам вашым па плоці, не для выгляду (толькі) служачы ім, не каб дагадзіць, а ў шчырасьці богабаязнага сэрца.
- 23. І ўсё, што робіце, рабеце ад душы, як Госпаду, а не чалавеку,
- 24. ведаючы, што ў аддзяку ад Госпада дастанеце спадчыну; бо вы служыце Госпаду Хрысту.
- 25. А хто несправядліва ўчыніць, той атрымае паводле сваёй няпраўды, у Яго няма агляду на асобы.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Да Каласянаў > Глава 3