Глава 1

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1
  • 1. Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімафей брат, Філімону любаснаму і супрацоўніку нашаму,
  • 2. і Апфіі, (сястры) любаснай, і Архіпу, спадзьвіжніку нашаму, і дамовай тваёй царкве:
  • 3. мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
  • 4. Дзякую Богу майму, заўсёды спамінаючы цябе ў малітвах маіх,
  • 5. чуючы пра тваю любоў і веру, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
  • 6. каб дзеяньне веры тваёй было чыннае ў спазнаньні ўсякага ў вас дабра ў Хрысьце Ісусе.
  • 7. Бо мы маем вялікую радасьць і ўцеху ў любові тваёй, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых.
  • 8. Таму, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу загадваць табе, што трэба,
  • 9. зь любові лепей прашу, ня хто які там, а я, Павал - старац, а цяпер вязень Ісуса Хрыста;
  • 10. прашу цябе за сына майго Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах маіх:
  • 11. ён быў калісьці нягодны табе, а цяпер годны табе і мне: я вяртаю яго;
  • 12. а ты прымі яго, як маё сэрца.
  • 13. Я хацеў пры сабе яго ўтрымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў кайданах за зьвеставаньне;
  • 14. але без тваёй згоды нічога не хацеў зрабіць, каб добрая справа твая была ня мусовая, а з добрае волі.
  • 15. Бо, можа быць, ён на тое часова адлучыўся, каб ты прыняў яго назаўсёды,
  • 16. ужо ня як раба, а вышэйшага за раба, брата любаснага, асабліва мне, а тым болей табе, і па плоці і ў Госпадзе.
  • 17. І вось, калі маеш за супольніка мяне, дык прымі яго, як мяне.
  • 18. Калі ж ён чым пакрыўдзіў цябе, альбо вінаваты табе, лічы гэта на мне.
  • 19. Я, Павал, напісаў маёю рукою: я заплачу"; не кажу табе пра тое, што ты і самім сабою мне вінаваты.
  • 20. Так, браце, дай мне скарыстацца табою ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе.
  • 21. Спадзяючыся на слухмянасьць тваю, а напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і болей, чым прашу.
  • 22. А разам падрыхтуй мне і памяшканьне; бо, спадзяюся, што па малітвах вашых я буду дараваны вам.
  • 23. Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Ісуса Хрыста, Марк, Арыстарх, Дымас, Лукаш, супрацоўнікі мае.
  • 24. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.