- 1. І стаў я на пяску марскім і ўбачыў зьвера, які выходзіў з мора, зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі: на рагах у яго было дзесяць дыядэмаў, а на галовах ягоных назовы богазьняважлівыя.
- 2. Зьвер, якога я бачыў, быў падобны да барса; ногі ў яго - як у мядзьведзя, а пашча ў яго - як пашча ў ільва; і даў яму цмок сілу сваю і трон свой і вялікую ўладу.
- 3. І бачыў я, што адна галава ў яго як бы сьмяротна была параненая, але гэтая сьмяротная рана загоілася. І дзівавала ўся зямля, сочачы за зьверам; і пакланіліся цмоку, які даў зьверу ўладу,
- 4. і пакланіліся зьверу, кажучы: хто падобны да зьвера гэтага і хто можа зваяваць яго?
- 5. І дадзены былі яму вусны, якія маўлялі ганарыста і богазьняважліва і дадзена яму ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.
- 6. І разьзявіў ён вусны свае для кляцьбы на Бога, каб клясьці імя Ягонае і жытлішча Ягонае і небажыхароў.
- 7. І дадзена яму было весьці вайну са сьвятымі і перамагчы іх; і дадзена яму была ўлада над усякім каленам і народам, і родам і племенем.
- 8. І паклоняцца яму ўсе, хто жыве на зямлі, чые імёны не напісаны ў кнізе жыцьця ў Ягняці, заколатага ад стварэньня сьвету.
- 9. Хто мае вуха, хай чуе:
- 10. хто вядзе ў палон, той сам пойдзе ў палон; хто мечам забівае, той сам будзе забіты мечам. Тут цярплівасьць і вера сьвятых.
- 11. І ўбачыў я другога зьвера, які выходзіў зь зямлі: ён меў два рагі, падобныя да Ягнячых, і гаварыў, як цмок.
- 12. Ён дзейнічае перад ім з усёй уладай першага зьвера і прымушае ўсю зямлю і насельнікаў яе пакланяцца першаму зьверу, у якога сьмяротная рана загоілася;
- 13. і творыць вялікія азнакі, так што і вагонь зводзіць зь неба на зямлю перад людзьмі.
- 14. І дзівосамі, якія дадзена было яму тварыць перад зьверам, ён наводзіць змусту на насельнікаў зямлі, кажучы насельнікам зямлі, каб яны зрабілі вобраз зьвера, які мае рану ад меча і жывы.
- 15. І дадзена было яму ўкласьці дух у вобраз зьвера, каб вобраз зьвера і гаварыў і рабіў так, каб забіты быў кожны, хто ня будзе кланяцца вобразу зьвера.
- 16. І ён зробіць тое, што ўсім - малым і вялікім, багатым і ўбогім, вольнікам і рабам - пакладзена будзе кляймо на правую руку іхнюю альбо на лоб іхні,
- 17. і што нікому нельга будзе ні купляць, ні прадаваць, акрамя таго, хто мае гэтае кляймо, альбо імя зьвера, альбо лічбу імя ягонага.
- 18. Тут мудрасьць. Хто мае розум, той хай палічыць лічбу зьвера, бо гэтая лічба чалавечая; лічба ягоная шасьцьсот шасьцьдзясят шэсьць.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Адкрыцьцё > Глава 13